4 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за Br3,5 млрд. накіравана на падрыхтоўку лагераў да летняга сезона ў Віцебскай вобласці. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік прадстаўніцтва "Віцебскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва" Алена Андрэйкава. На падрыхтоўку аб'ектаў да прыёму дзяцей са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання выдзелена Br534,4 млн., з абласнога бюджэту - Br960 млн. Акрамя таго, на гэтыя мэты накіруюць больш за Br2 млрд., заробленых падчас рэспубліканскага суботніка. Асноўная частка сумы з апошняй крыніцы фінансавання пойдзе на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы лагера "Віцязь", які аднайменнае акцыянернае таварыства перадае ў камунальную ўласнасць. У бліжэйшы час па развіцці гэтага лагера будзе распрацавана праграма з тым, каб зрабіць яго лепшым у вобласці і рэспубліцы. Усяго сёлета ўлетку ў вобласці будуць дзейнічаць 35 стацыянарных лагераў з кругласутачным знаходжаннем, якія прымуць за сезон 24 тыс. дзяцей і падлеткаў, а таксама 630 лагераў з дзённым знаходжаннем. У апошніх адпачнуць 31 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак. Падрыхтоўка лагераў ужо вядзецца. Іх прыёмка намечана на апошнюю дэкаду мая, а першых рабят лагеры прымуць з 3 чэрвеня. Масавы заезд дзяцей пачнецца з 10 чэрвеня.-0-

БЕЛТА