Больш за дзесяць дабрачынных акцый правядуць у снежні актывісты БРСМ Віцебскай вобласці
8.12.20120 праглядаў
8 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за дзесятак дабрачынных акцый правядуць у снежні актывісты БРСМ Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным камітэце ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі".
Дабрачынныя марафоны і акцыі будуць арганізаваны ў перадсвяточныя дні для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў, рабят з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў, цяжкіх падлеткаў, ветэранаў, адзінокіх пажылых грамадзян у кожным раёне і горадзе рэгіёна.
Так, актывісты большасці гарадскіх і раённых камітэтаў БРСМ вобласці з задавальненнем праводзяць штогадовую традыцыйную акцыю "Цуды на Каляды", падчас якой рыхтуюць віншаванні і падарункі для выхаванцаў дзіцячых дамоў і сацыяльных педагагічных цэнтраў. Найбольш маштабна, з падтрымкай гарадскіх улад, прадпрыемстваў, арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў, гэтая акцыя арганізуецца ў Оршы. У Браславе "Калядны марафон" збярэ дзяцей, якія стаяць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх. Рабят чакаюць спартыўныя спаборніцтвы з уручэннем салодкіх прызоў і грамат. У Дубровне валанцёры руху "Добрае сэрца" рыхтуюць навагоднюю забаўляльную праграму для цяжкіх падлеткаў і дзяцей-інвалідаў, якія наведваюць раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У Глыбоцкім раёне ўдзельнікі акцыі "З надзеяй у сэрцы" наведаюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, павіншуюць са святамі і ўручаць падарункі і сувеніры, а падчас акцыі "Мары збываюцца" паспрабуюць выканаць жаданні, выказаныя дзецьмі-інвалідамі ў лістах да Дзеда Мароза. У Віцебску 14 снежня адбудзецца другі гарадскі злёт валанцёрскіх атрадаў арганізацый БРСМ "Дарогаю дабра".
"Гэта толькі некаторыя з прыкладаў акцый, якія правядуць у снежні члены маладзёжнай арганізацыі ў Віцебскай вобласці. І аб'ядноўвае іх адна мэта - падарыць напярэдадні Каляд і Новага года святочны настрой, часцінку цяпла і клопату ўсім тым, хто ў іх асабліва мае патрэбу", - падкрэслілі ў абласным камітэце БРСМ.-0-
БелТА