12 ліпеня, Брэст /Вольга Кобяк – БЕЛТА/. Больш за 0,5 млн. еўра разлічвае зарабіць Брэст на правядзенні чэмпіянату свету па акадэмічным веславанні сярод спартсменаў ва ўзросце да 23 гадоў, які пройдзе 21-25 ліпеня ў горадзе над Бугам. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Хевук, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Фінансаванне гэтага чэмпіянату ажыццяўляецца па лініі Міністэрства спорту і турызму Беларусі і Беларускай федэрацыі веславання. У агульнай складанасці імі выдзелена каля Br1,2 млрд., паведаміў Мікалай Хевук. У перыяд правядзення чэмпіянату будуць максімальна задзейнічаны гасцінічная сетка, базы адпачынку Брэста і Брэсцкага раёна, а таксама аграсядзібы для размяшчэння VIP-персон і замежных турыстаў. Гандлёвыя арганізацыі і прадпрыемствы грамадскага харчавання абласнога цэнтра, акрамя стацыянарных аб'ектаў, у дні чэмпіянату пашыраць сетку сваіх выязных аб'ектаў. Максімальная іх колькасць будзе сканцэнтравана ў раёне грэбнага канала, у тым ліку там будзе працаваць рэстаран на 200 месцаў. "Чэмпіянат свету па акадэмічным веславанні сярод спартсменаў ва ўзросце да 23 гадоў, які рыхтуецца прыняць Брэст, стане самым вялікім спартыўным мерапрыемствам у нашай краіне ў 2010 годзе. Мы разлічваем не толькі папоўніць панесеныя затраты на яго правядзенне, але і атрымаць прыбытак. У мінулым годзе на правядзенні чэмпіянату Еўропы па веславанні акадэмічным Брэст зарабіў $380 тыс. У гэтым годзе, улічваючы, што спартсменаў і гасцей мы прымем амаль у два разы больш, чакаем, што даходы складуць каля 520 тыс. еўра", - растлумачыў Мікалай Хевук.-0-

БЕЛТА