19 мая, Віцебск /Сяргей Кочатоў - БЕЛТА/. У Беларусі высокатэхналагічная кардыяхірургічная дапамога актыўна перамяшчаецца ў рэгіёны. Аб гэтым паведаміў сёння акадэмік НАН Беларусі, дырэктар РНПЦ "Кардыялогія" Аляксандр Мрочак на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Артэрыяльная гіпертэнзія і прафілактыка сардэчна-сасудзістых захворванняў" у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У 2010 годзе ў Беларусі было выканана звыш 7,3 тыс. кардыяхірургічных аператыўных умяшанняў, з якіх амаль 4,2 тыс. (56,6%) праведзена ў кардыяхірургічных аддзяленнях абласцей, у тым ліку Мінскай. "Сёння высокатэхналагічная аперацыйная актыўнасць перамяшчаецца ў рэгіёны, таму можна гаварыць аб даступнасці і масавасці гэтага віду меддапамогі, што павінна станоўча паўплываць на асноўныя дэмаграфічныя паказчыкі, у тым ліку на працягласць жыцця", - адзначыў Аляксандр Мрочак. У абласных цэнтрах руціннымі сталі, напрыклад, аперацыі па аортакаранарным шунтаванні, умяшанні, звязаныя са складанымі парушэннямі рытму сэрца, аперацыі на сэрцы, гэта значыць тое, што яшчэ 5-6 гадоў таму выконвалася ў Мінску. У цяперашні час у Беларусі пабудавана і стабільна функцыянуе сістэма кардыялагічнай дапамогі пацыентам з хваробамі сістэмы кровазвароту, пры гэтым важную ролю ў арганізацыі гэтай службы адыгрывае першасная медыка-санітарная дапамога, дзе фарміруецца першапачатковае ўяўленне аб стане здароўя пацыентаў. Спецыялізаваную дапамогу аказваюць 80 кардыялагічных і 6 кардыяхірургічных аддзяленняў абласных і гарадскіх бальніц, 7 кардыялагічных дыспансераў у абласцях, а таксама РНПЦ "Кардыялогія". У цэлым па краіне разгорнута і функцыянуе амаль 5,2 тыс. кардыялагічных ложкаў, што складае 5,4 ложка на 10 тыс. насельніцтва (або 4,7% ад агульнага ложкавага фонду лячэбных устаноў). Штогод у стацыянарных умовах аддзяленняў кардыялагічнага профілю праходзяць лячэнне больш за 186 тыс. кардыялагічных пацыентаў. У кардыялагічнай службе працуюць 622 урача-кардыёлага, з якіх два акадэмікі і адзін член-карэспандэнт НАН Беларусі, 18 доктараў і 57 кандыдатаў медыцынскіх навук, 9 прафесараў. Звыш 75% урачоў-кардыёлагаў маюць кваліфікацыйныя катэгорыі.-0-

БЕЛТА