8 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за палову школ Віцебскай вобласці ўжо атрымалі пашпарты гатоўнасці да новага навучальнага года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. Усяго на сённяшні дзень з 537 навучальных устаноў вобласці 306, або 57%, гатовыя адкрыць вучням 1 верасня свае дзверы. Найбольш масава працэс прыёмкі школ будзе праводзіцца на працягу бягучага тыдня з тым, каб да 15 жніўня цалкам закрыць гэтае пытанне. У цяперашні час дадзены працэс ідзе без зрываў. Так, аднымі з першых пашпарты гатоўнасці атрымалі школы абласнога цэнтра, ушчыльную заняты гэтым цяпер і ў іншых рэгіёнах Прыдзвіння. "Я задаволены, як вядзецца прыёмка ў Глыбоцкім, Лёзненскім, Бешанковіцкім, Аршанскім, Верхнядзвінскім раёнах", - канстатаваў Іван Шчурок, дадаўшы, што 21 жніўня ў Віцебску адбудзецца падагульняючая нарада кіраўнікоў аддзелаў адукацыі, навучальных устаноў па пытанні гатоўнасці школ і арганізацыі навучальнага працэсу ў 2012/2013 годзе. На падрыхтоўку школ Віцебскай вобласці ў гэтым годзе было выдзелена Br55 млрд., каля Br43 млрд. з іх ужо асвоены. Сродкі накіраваны на правядзенне рамонтных работ, замену аконных блокаў, рэканструкцыю дахаў, закупку 26 новых аўтобусаў для падвозу школьнікаў, набыццё спартыўнага і навучальнага інвентару. Значную дапамогу ў падрыхтоўцы школ аказваюць таксама мясцовыя органы ўлады, не засталіся ўбаку бацькоўская грамадскасць і настаўнікі. Закранаючы пытанне адкрыцця новых аб'ектаў, начальнік упраўлення адукацыі адзначыў, што да новага навучальнага года ў рэгіёне плануецца здаць у эксплуатацыю спартыўную залу і сталовую Арэхаўскай сярэдняй школы ў Аршанскім раёне, дзіцячы сад у мікрараёне Білева абласнога цэнтра. "Ступень гатоўнасці дадзеных аб'ектаў высокая, таму ёсць усе шансы правесці іх урачыстае адкрыццё 1 верасня", - дадаў ён. У працэсе падрыхтоўкі не засталіся без увагі і малазабяспечаныя, шматдзетныя сем'і вобласці. Інфармацыя аб тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы, актыўна збіраецца упраўленнем адукацыі. На сённяшні дзень сем'і дадзенай катэгорыі ўжо атрымалі матэрыяльную дапамогу на набыццё падручнікаў, канцылярскіх тавараў, школьнай формы на суму звыш Br1 млрд.

БЕЛТА