3 красавіка, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Вызначаны пераможцы пятага рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці "Энергамарафон-2011", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня журы конкурсу, начальнік аддзела арганізацыйна-прававой работы і ўзаемадзеяння са СМІ дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту Беларусі Жанна Зенькевіч. Падчас "Энергамарафону-2011" было разгледжана звыш 1,5 тыс. праектаў, што амаль на 30% больш, чым у папярэднім. Мэтай конкурсу з'яўляецца фарміраванне ў падрастаючага пакалення беражлівых і эканомных адносін да энергурэсурсаў і навакольнага асяроддзя, выяўленне і распаўсюджванне перадавога вопыту работы педагогаў па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў галіне энергазберажэння, укараненне ў работу ўстаноў адукацыі найноўшых энергазберагальных ідэй і метадаў. У намінацыі "Лепшая вобласць рэспублікі па арганізацыі работы ўстаноў адукацыі ў сферы энерг- і рэсурсазберажэння" першае месца падзялілі Магілёўская і Гомельская вобласць. Брэсцкая вобласць у гэтай намінацыі не ўдзельнічала. Лепшай установай адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў галіне энерг- і рэсурсазберажэння прызнана ДУА "СШ №12 г.Наваполацка" Віцебскай вобласці. У намінацыі "Лепшы педагог па арганізацыі работы па выхаванні культуры энергазберажэння ў вучняў" перамог настаўнік хіміі ДУА "СШ №3 г.Асіповічы" Магілёўскай вобласці С.В.Зайцава. Лепшым вучнёўскім праектам практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні стаў праект "Альетрнатыўныя крыніцы святла" Аляксея Самусева і Ігара Гайдука ДУА "Гімназія №5 г.Баранавічы" Брэсцкай вобласці. Кіраўнікі праекта: С.П.Андрэева, Е.В.Кайгарадава. У намінацыі "Лепшы практычны цэнтр (музей) па энергазберажэнні" лідзіравала ДУА "Ліцэй №1 г.Гродна". Першае месца ў намінацыі "Лепшая творчая работа вучняў па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергурэсурсаў" сярод відэаролікаў заняла работа ДУА "Гімназія №2 г.Віцебска". Лепшай з агітбрыгад стала агітбрыгада "Мы за энергаэфектыўнасць!" ВА "Наваполацкі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў" Віцебскай вобласці. Усе ўдзельнікі заключнага этапу пятага рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці "Энергамарафон-2011" узнагароджаны спецыяльнымі прызамі і падарункамі ад арганізатараў і партнёраў конкурсу.