30 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за сотню адзінак зброі выяўлена і выведзена за тыдзень з абароту ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва УУС Віцебскага аблвыканкама.
Усяго з 26 сакавіка на раніцу 30 сакавіка супрацоўнікі міліцыі рэгіёна вывелі з незаконнага абароту 63 адзінкі незарэгістраванай зброі, выявілі 521 боепрыпас і 860 г выбуховых рэчываў. Добраахвотна за мінулы перыяд у праваахоўныя органы грамадзяне здалі 43 адзінкі зарэгістраванай зброі, 1,3 кг выбуховых рэчываў, 2,2 тыс. боепрыпасаў і 128 выбуховых прылад (часцей за ўсё гэта міны, гранаты, снарады перыяду Вялікай Айчыннай вайны). За розныя правапарушэнні ў законных уладальнікаў канфіскавана 81 "ствол".
За незаконныя дзеянні ў дачыненні да зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў да адказнасці прыцягнуты 70 жыхароў рэгіёна, у тым ліку 62 чалавекі - да адміністрацыйнай адказнасці. Рэгістравана 8 крымінальных спраў па арт.295 Крымінальнага кодэкса Беларусі ("Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў").
Выяўленні зброі і боепрыпасаў зафіксаваны ў кожным рэгіёне вобласці, але ў гэты раз часцей за ўсё яны сустракаліся ў Бешанковіцкім, Полацкім, Гарадоцкім, Верхнядзвінскім раёнах, Віцебску, Оршы і Наваполацку, дадалі ва УУС.
Мэта рэспубліканскага аператыўна-прафілактычнага спецыяльнага комплекснага мерапрыемства "Арсенал" - процідзеянне незаконнаму абароту зброі, боепрыпасаў, выбуховых прылад і выбуховых рэчываў. Акцыя завяршаецца сёння.-0-
БЕЛТА
Больш за сотню адзінак зброі канфіскавана і выведзена за тыдзень з незаконнага абароту ў Віцебскай вобласці
30.3.20120 праглядаў