22 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску вызначаны пераможцы абласнога літаратурнага конкурсу ў гонар Я.Коласа і Я.Купалы, на які былі прадстаўлены больш за 1 тыс. работ. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя М.Горкага Галіна Данілава. Конкурс "Купала і Колас, вы нас гадавалі", прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, стартаваў у пачатку года як гарадскі. Аднак увага чытачоў гарадскіх бібліятэк горада, цікавасць жыхароў іншых рэгіёнаў вобласці, якія пажадалі таксама прыняць у ім удзел, нечакана для арганізатараў надалі гэтаму мерапрыемству абласны статус. Удзел у конкурсе прынялі звыш 100 жыхароў Віцебскай вобласці ва ўзросце ад 10 да 19 гадоў, якія выступалі ў узроставых катэгорыях: вучні 5-8 класаў (10-14 гадоў), вучні 9-11 класаў, студэнты і навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў 15-19 гадоў. Работы (80% на беларускай мове, 20% - на рускай) былі прадстаўлены ў намінацыях "Лепшы верш" і "Лепшы празаічны твор". Найбольш актыўнымі аказаліся прадстаўнікі Аршанскага, Полацкага, Мёрскага, Чашніцкага, Пастаўскага, Сенненскага, Докшыцкага раёнаў, Наваполацка, Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў Віцебска. Пры гэтым свае работы даслалі і прадстаўнікі старэйшага пакалення, актыўнасць якіх журы таксама заахвоціла. "Вельмі шмат работ юных удзельнікаў атрымалі высокую ацэнку членаў журы, таму склад апошніх прыняў рашэнне аб павелічэнні колькасці ўзнагарод. Хлопцы гэта заслужылі", - падкрэсліла Галіна Данілава, адзначыўшы, што ўладальнікамі першых месцаў сталі прадстаўнікі Мёрскага, Пастаўскага, Расонскага, Полацкага раёнаў, Полацка і Віцебска. Конкурс, які праводзіўся ў рамках мерапрыемстваў Года кнігі, закліканы павысіць цікавасць моладзі да творчасці двух найбольш значных паэтаў Беларусі і падтрымаць іх імкненне да літаратурнай творчасці. Арганізатарамі мерапрыемства выступалі Цэнтральная гарадская бібліятэка імя М.Горкага і Віцебскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.-0-

БЕЛТА