10 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Звыш тысячы валанцёраў у Віцебскай вобласці ўжо выказалі жаданне прыняць удзел у глабальнай акцыі "Сусветная прыборка 2012: зробім разам", расказала карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Ясюліна. Акцыю ў Беларусі праводзіць Цэнтр экалагічных рашэнняў пры падтрымцы Мінпрыроды Беларусі. Фінал акцыі пройдзе 15 верасня, і Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя запрасіў да ўдзелу ў ёй усіх ахвотных жыхароў рэгіёна. Як чакаецца, асноўныя сілы валанцёраў будуць накіраваны на ачыстку тэрыторый ад несанкцыянаваных звалак, у першую чаргу лясных масіваў. Так, толькі ў Віцебскім раёне і Віцебску на сусветную прыборку выйдуць каля сотні добраахвотнікаў. На заклік навесці парадак у агульным доме - на планеце - актыўна адгукнуліся ва Ушацкім, Сенненскім, Талачынскім, Браслаўскім, Шаркаўшчынскім, Лепельскім раёнах. Сярод валанцёраў работнікі раённых прыродаахоўных арганізацый, грамадскія інспектары аховы прыроды, члены грамадскіх арганізацый. Паводле даных абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, праблема несанкцыянаваных звалак па-ранейшаму актуальная для рэгіёна: з пачатку 2012 года іх выяўлена больш за 700. Інспектарамі складзена 490 адміністрацыйных пратаколаў у дачыненні да суб'ектаў, вінаватых у утварэнні звалак. Пры гэтым большая частка пратаколаў - 429 - складзена на фізічных асоб. Старт "Сусветнай уборкі-2012" быў дадзены ў пачатку студзеня бягучага года на канферэнцыі ў Таліне. Плануецца, што прыборкі пройдуць па ўсім свеце, закрануць усе кантыненты, аб'яднаўшы мільёны валанцёраў у 100 краінах. Каманды па навядзенні чысціні на планеце ўжо ўтвораны ў Аўстрыі, Арменіі, Балгарыі, Бразіліі, Галандыі, Індыі, Расіі.-0-

БЕЛТА