Вялікім сумесным канцэртам выпускнікоў, педагогаў і навучэнцаў 22 сакавіка адзначыць сваё 100-годдзе Полацкая дзіцячая школа мастацтваў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове адукацыі.
Урачыстасць пройдзе ў гарадскім Цэнтры культуры "Полацк" і збярэ цяперашніх выкладчыкаў, ветэранаў педагагічнай працы і вучняў. У канцэрце возьмуць удзел калектывы каледжа і яго знакамітыя выпускнікі. У праграме вечара музыка амаль ад 20 калектываў і выканаўцаў. "На сцэне прадставіць сваё майстэрства лаўрэат міжнародных конкурсаў выкладчык Беларускай акадэміі музыкі, салістка Белдзяржфілармоніі Надзея Лазуцкая; піяніст лаўрэат конкурсу імя Ферэнца Ліста ў Веймары (Германія) Арсеній Садыкаў. Выступяць узорны ансамбль народнай музыкі "Таўкачыкі", камерны аркестр "Еўропа-Цэнтр" пад кіраўніцтвам дырыжора Раіля Садыкава, ансамбль скрыпачоў "Маладыя віртуозы", узорны аркестр народных інструментаў і іншыя", - распавялі ва ўстанове адукацыі.
Падчас урачыстасці будуць ушаноўваць ветэранаў, якія сваім талентам развівалі школу ў розныя гады, перадавалі веды новым пакаленням.
Музычная школа Полацка Віцебскай губерні была адкрыта 15 сакавіка 1919 года згодна з пастановай Пазашкольнага пададдзела Полацкага павятовага аддзела Народнай адукацыі. Цяпер у навучальнай установе працуюць 9 аддзяленняў: фартэпіяна, струнных смычковых інструментаў, музычна-тэарэтычных дысцыплін, баяна і акардэона, струнных народных інструментаў, духавых і ўдарных, харэаграфіі, агульных інструментаў і эстраднае аддзяленне. У школе займаюцца больш за 500 навучэнцаў, штогод з яе сцен выходзіць да 70 юных музыкантаў.