Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям ХХVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу і VI Міжнароднага сімпозіума літаратараў "Пісьменнік і час"

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям ХХVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу і VI Міжнароднага сімпозіума літаратараў "Пісьменнік і час". Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кніжны форум па праве стаў яркай падзеяй культурнага і духоўнага жыцця Беларусі. "Штогод ён адкрывае міжнародны каляндар прафесійных кніжных выстаў, а нашы чытачы першымі могуць убачыць на адной пляцоўцы лепшыя навінкі айчынных і замежных выдавецтваў, сустрэцца як са знакамітымі, так і з маладымі пісьменнікамі і паэтамі", - гаворыцца ў прывітанні.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі стаўленне да кнігі заўсёды было асаблівым, беражлівым, паважлівым, а пытанні захавання і эфектыўнага развіцця выдавецкай галіны застаюцца сярод важных дзяржаўных прыярытэтаў. "Перакананы, што выстава і надалей будзе садзейнічаць папулярызацыі якаснай літаратуры і культуры чытання, паслужыць умацаванню міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва", - адзначыў Прэзідэнт.

Удзельнікам і арганізатарам Мінскага кніжнага форуму кіраўнік дзяржавы пажадаў плённай працы, вялікіх тыражоў і новых творчых поспехаў.