4 жніўня, Мінск /Аксана Шыкуць - БЕЛТА/. У Беларусі бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва з 1 жніўня па 31 кастрычніка 2010 года складае Br274 тыс. 510, паведамілі БЕЛТА ў Апараце Саўміна.
У адпаведнасці з пастановай урада №1134 ад 29 ліпеня бягучага года для працаздольнага насельніцтва БПМ устаноўлены ў памеры Br293 тыс. 880, для пенсіянераў - Br245 тыс. 310, для дзяцей-студэнтаў - Br294 тыс. 670, для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 16 гадоў - Br336 тыс. 860, для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br245 тыс. 860.
Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва павышаны ў рэспубліцы на 3,1% (з 1 мая па 31 ліпеня 2010 года БПМ у сярэднім на душу насельніцтва складаў Br266 тыс. 230).
Бюджэт пражытачнага мінімуму штоквартальна зацвярджаецца ўрадам у цэнах апошняга месяца кожнага квартала. У адпаведнасці з законам "Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь" ён прызначаны для аналізу і прагназавання ўзроўню жыцця насельніцтва, аказання дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам (сем'ям), абгрунтавання мінімальных дзяржаўных сацыяльна-працоўных гарантый. БПМ выкарыстоўваецца для ацэнкі ўзроўню даходаў насельніцтва, памераў аплаты працы, пенсій, дапамог і іншых сацыяльных выплат, вызначэння ўзроўню і маштабаў малазабяспечанасці.
БПМ уяўляе сабой кошт мінімальнага набору матэрыяльных даброт і паслуг, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці чалавека і захавання яго здароўя, а таксама абавязковыя плацяжы і ўнёскі. У пражытачны мінімум для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва ўваходзяць наступныя віды матэрыяльных даброт і паслуг: прадукты харчавання, адзенне, бялізна, абутак, прадметы агульнасямейнага карыстання, лекі, прадметы санітарыі і гігіены, а таксама жыллёва-камунальныя, транспартныя і бытавыя паслугі, паслугі дзіцячых дашкольных устаноў.
Бюджэт пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва прымяняецца для вызначэння сумы ўтрымання сродкаў з наймальнікаў, якія маюць запазычанасць па выплаце заработнай платы.
БЕЛТА
БПМ у сярэднім на душу насельніцтва з 1 жніўня павышаны ў Беларусі на 3,1% да Br274 тыс. 510
4.8.20100 праглядаў