14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская праваслаўная царква разглядае магчымасць стварэння Аршанскай епархіі. З адпаведным рапартам да Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі звярнуўся архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Беларускім Экзархаце. "Падставай для падзелу епархіі (на Віцебскую і Аршанскую. - Заўвага. БЕЛТА) з'яўляецца неабходнасць актывізацыі місіянерскай, дабрачыннай, маладзёжнай, катэхізатарскай і прыходскай дзейнасці", - адзначыў у рапарце архіепіскап Дзімітрый. Ён дадаў, што стварэнне новай епархіі з цэнтрам у Оршы дазволіць удасканаліць прыходскую і асветніцкую дзейнасць. Існуючая цяпер Віцебская епархія БПЦ, паводле даных на пачатак 2012 года, налічвае 175 прыходаў (20 благачынняў), 6 манастыроў, духоўную семінарыю і духоўнае вучылішча. У Аршанскую епархію прапануецца ўключыць Аршанскі, Дубровенскі, Сенненскі, Талачынскі і Чашніцкі раёны Віцебскай вобласці. Такім чынам, з Віцебскай епархіі да яе адыдзе 41 прыход, дзе служаць 56 свяшчэннаслужыцеляў, а таксама 4 манастыры, дзе нясуць паслух 21 чалавек. Як сведчыць статут РПЦ, у юрысдыкцыю якой уваходзіць БПЦ, рашэнні аб утварэнні або скасаванні епархій, якія ўваходзяць у Экзархат, і аб вызначэнні іх тэрытарыяльных межаў прымаюцца Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі і Свяшчэнным Сінодам (РПЦ) па прадстаўленні Сінода Экзархата (БПЦ) з наступным зацвярджэннем Архіерэйскім Саборам. У Святым Сінодзе БПЦ рапарт архіепіскапа Дзімітрыя ўжо заслуханы. Беларускі епіскапат пастанавіў, што пытанне стварэння Аршанскай епархіі трэба вывучыць Упраўленню справамі Экзархата. Для гэтага будуць здзейснены выезды ў раёны, якія павінны ўвайсці ў новы дыяцэз. Найбольш верагодна, раёны наведае нядаўна прызначаны на пасаду кіраўніка справамі БПЦ архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый. Таксама Упраўленню справамі даручана накіраваць пісьмовыя запыты ўсім кіруючым архіерэям БПЦ для вывучэння іх меркаванняў адносна разукрупнення даручаных іх апецы епархій з мэтай актывізацыі царкоўна-прыходскага жыцця. На наступным пасяджэнні Сінод БПЦ азнаёміцца з вынікамі працы Упраўлення справамі адносна адкрыцця новых епархій у межах Экзархата. Акрамя таго, Сінод выказаў падзяку архіепіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю за працу па добраўпарадкаванні царкоўнага жыцця ў Віцебскай вобласці.-0-

БЕЛТА