Не верце стэрэатыпу, што лета – гэта пік вяселляў, раіць начальнік аддзела ЗАГС Лепельскага райвыканкама Алена Бельская. Паводле яе слоў, цяпер пары рэгіструюць шлюбы круглы год, не спыняюць іх ні халоднае надвор'е, ні пасты.

Не верце стэрэатыпу, што лета – гэта пік вяселляў, раіць начальнік аддзела ЗАГС Лепельскага райвыканкама Алена Бельская. Паводле яе слоў, цяпер пары рэгіструюць шлюбы круглы год, не спыняюць іх ні халоднае надвор'е, ні пасты. Да прыкладу, калі ў ліпені гэтага года з'явілася 35 сем'яў, то ў студзені не нашмат менш – 24. Аднак па-ранейшаму жаніхі і нявесты асцерагаюцца траўня: повязямі Гіменэя звязалі сябе ўсяго восем пар. Дарэчы, з'явілася больш ахвотных зарэгістраваць адносіны сярод тыдня, павялічылася і сама колькасць шлюбаў.

Чакаецца, што па традыцыі гарачая пара – жнівень-верасень. Пакуль жа самы багаты месяц на вясельныя салюты – чэрвень. Заключылі шлюбы ў гэтым месяцы 40 пар, што ў два разы больш, чым у чэрвені мінулага года. А вось ліпень 2012 года амаль дагнаў па колькасці цяперашні – 32 шлюбы.

Кропку ў сваіх сямейных адносінах у чэрвені-ліпені паставіла аднолькавая колькасць пар – па 14 у кожным месяцы. У ліпені праз суд развеліся 11 пар, а ў чэрвені – шэсць. З іх распалася тры паўторныя шлюбы, у чатырох не было дзяцей. Папулярны ўзрост разведзеных у чэрвені – 30-37 гадоў. У ліпені на гэты крок пайшлі і людзі старэйшыя. Да прыкладу, распалася пара, дзе былому мужу – 51 год, а жонцы – 53. Самая маладая пара – жанчыне – 24 гады, мужчыну – 27. Дарэчы, у большасці разводаў жанчыны вінавацяць сваіх былых мужоў.

Лепельская статыстыка абвяргае меркаванне, што паміраюць часцей мужчыны. Так, у чэрвені на 25 мужчынскіх смерцяў – 29 жаночых. У ліпені з 52 памерлых – 30 жанчын. Па-ранейшаму смяротнымі для большасці сталі хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы. У чэрвені яны забралі жыццё 12 чалавек, у ліпені – 13. На другім месцы – анкалогія, на трэцім – траўмы. Старэйшыя за 80 гадоў у чэрвені пайшлі з жыцця 25 чалавек, у ліпені – 12. Ва ўзросце 60-80 гадоў у двух летніх месяцах памерла па 19 чалавек. Апошнім аказаўся цяперашні чэрвень для двух лепельчан ва ўзросце 30-40 гадоў. У ліпені памёр адзін іх равеснік. Не шчадзіць, на жаль, смерць і дзяцей. З пачатку года памерла пяцёра чалавек ва ўзросце да 18 гадоў.

Радасць жа першы летні месяц прынёс бацькам 40 немаўлят, якія з'явіліся на свет. У ліпені нарадзілася 33 малыша.

Кацярына Асоўская