Два раёны Віцебскай вобласці падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Два раёны Віцебскай вобласці падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Другі дзень у Талачынскім раёне з азнаямленчым візітам знаходзіцца дэлегацыя самакіравання муніцыпальнага ўтварэння Сафонаўскага раёна Смаленскай вобласці Расіі, у райвыканкаме адбылося падпісанне пагаднення аб пабрацімстве. Яно прадугледжвае ўсталяванне і развіццё дружалюбных і дзелавых сувязяў паміж моладзевымі, культурнымі, творчымі, спартыўнымі, адукацыйнымі ўстановамі, камерцыйнымі і грамадскімі арганізацыямі, прамысловымі і гандлёвымі прадпрыемствамі; стварэнне ўмоў для ўмацавання эканамічных і гандлёвых адносін. "Пачнем мы з культурнага ўзаемадзеяння, паколькі на гэтай аснове можна лёгка пабудаваць мост дружбы, які спатрэбіцца ва ўсталяванні дзелавых і эканамічных кантактаў на ўзроўні асобных суб'ектаў рэгіёнаў. У прыватнасці, нашы калектывы ўжо запрошаны летам у Сафонава на святкаванне юбілею гэтага маладога горада. З мінулага года мы пачалі актыўна наладжваць сувязі з Расіяй, пасябравалі з горадам Конакава Цвярской вобласці. Пасля 9 Мая чакаем гасцей з Вялікіх Лук", - растлумачылі ў Талачынскім райвыканкаме.
Браслаўскі раён з-за свайго геаграфічнага становішча мае больш кантактаў з найбліжэйшымі рэгіёнамі Латвіі і Літвы. Аднак Расія таксама з'яўляецца стратэгічным партнёрам, таму з учорашняга дня ў гасцях у раёне знаходзіцца дэлегацыя Пскоўскага раёна. Расіяне наведалі асноўныя славутасці горада, пабывалі ў музеі традыцыйнай культуры і ўжо адрасавалі браслаўскім майстрам запрашэнні на традыцыйныя кірмашы ў Пскове. "Старшыні райвыканкама і райсавета дэпутатаў з нашага боку, а таксама кіраўнік Пскоўскага раёна і старшыня сходу дэпутатаў падпісалі пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве. Яно прадугледжвае абмен вопытам, азнаямленне з сацыяльна-эканамічным жыццём двух раёнаў, узаемадзеянне ў сферах культуры і адукацыі, аховы здароўя, спорту і турызму і, вядома, накіравана на ўсталяванне гандлёва-эканамічных кантактаў", - адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама Антаніна Аболевіч.
Яна ўдакладніла, што ў сферы адукацыі ўлады раёна разлічваюць павялічыць набор пскоўскіх навучэнцаў у Відзскі дзяржаўны прафтэхкаледж сельскагаспадарчай вытворчасці. Цяпер там навучаецца ўсяго трое хлопцаў з расійскага рэгіёна, хоць раней было больш. Таму пасля падпісання пагаднення госці наведалі гэту навучальную ўстанову. Таксама іх азнаёмілі з асноўнымі інвестыцыйнымі прапановамі раёна і прадукцыяй хлебазавода і сырзавода - філіяла ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат". "Пакуль гэта толькі рэклама, але мы ўпэўненыя, што за сяброўскімі візітамі на ўзроўні адміністрацый рушаць услед канкрэтныя дзелавыя кантакты паміж прадпрыемствамі нашых раёнаў", - заключыла Антаніна Аболевіч.