Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі абвяшчае аб запуску маладзёжнага марафону "Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі", прысвечанага 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і стварэнні аднайменнага нацыянальнага альбома памяці з фотаздымкамі прадзедаў і дзядоў - вызваліцеляў і пераможцаў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў першы сакратар ЦК ГА "БРСМ" Дзмітрый Варанюк.

"Падчас урачыстага мерапрыемства ля манумента Перамогі ў Мінску 9 Мая актывісты БРСМ расказалі аб сваім праекце Прэзідэнту і прадэманстравалі альбом "Беларусь памятае", дзе размешчаны фотаздымкі і кароткія гісторыі аб сваяках хлопцаў, якія змагаліся ў Вялікай Айчыннай вайне. Падтрымаўшы маладзёжную ініцыятыву, кіраўнік дзяржавы даў юнакам і дзяўчатам своеасаблівы наказ, напісаўшы на вокладцы альбома слоган рэспубліканскай акцыі "Беларусь памятае", прызначанай захаваць святую памяць аб кожным удзельніку вайны для нашчадкаў", - расказаў Дзмітрый Варанюк.

Маладзёжная экспедыцыя па зборы фотаздымкаў і гісторый іх герояў пройдзе ў маі-ліпені дарогамі вызвалення роднай краіны: праз Камарын - Рэчыцу - Гомель - Бабруйск - Магілёў - Шклоў - Оршу - Віцебск - Полацк - Астравец - Ліду - Гродна - Пружаны - Брэст - Пінск - Баранавічы - Дзяржынск - Маладзечна - Барысаў - Салігорск і Мінск. "У кожным беларускім доме беражліва захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне чорна-белыя фотаздымкі прадзедаў, дзядоў і бацькоў, якія абаранялі і вызвалялі нашу краіну ад фашыстаў, і гісторыі аб гераічных подзвігах нашых землякоў. Для збору матэрыялу ў альбом па маршруце вызвалення Беларусі будзе курсіраваць брэндаваны лагатыпамі акцыі "Беларусь памятае" мікрааўтобус. У ім размесціцца перасоўная лабараторыя, аснашчаная камп'ютарам, сканерам, каляровым прынтарам. Фотаздымкі будуць збіраць на прыпыначных па ходзе марафону пунктах. Тут жа фотаздымкі плануецца сканаваць і стылізаваць для размяшчэння ў альбом памяці", - адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ.