Бачнасць на дарогах сталіцы і ў некаторых рэгіёнах ускладняе туман, які захаваецца ў начны і ранішні час. Месцамі магчыма галалёдзіца.



Галоўная небяспека - скажэнне адлегласці. У такіх умовах надвор'я ўсе прадметы губляюць свае абрысы, што перашкаджае вызначыць іх сапраўдныя памеры, а адлегласці здаюцца ўдвая большымі.

Пры руху ў тумане важна павялічыць дыстанцыю і рухацца з бяспечнай хуткасцю! Часам яна можа быць не больш за 25 км/г. Не здзяйсняць лішніх перабудоў і рэзкіх манеўраў.

Варта абазначыць сваю прысутнасць на дарозе: кіроўцам рухацца з уключаным блізкім святлом фар, а пешаходам выкарыстоўваць святлоадбівальнікі. "Процітуманкі" дапамогуць толькі ў тым выпадку, калі яны правільна ўстаноўлены і адрэгуляваны. Святло ад іх павінна слацца па праезнай частцы пад пластом туману і добра асвятляць правы край дарогі.

Пешаходам неабходна пераходзіць дарогу толькі ва ўстаноўленых месцах, загадзя пераканаўшыся, што кіроўцы вас заўважылі і паспелі спыніцца.