Бескарысліва ў камандзе "РэмерУмкі" гімназіі №5 Віцебска імя І.І. Люднікава выконваецца закон захавання энергіі. Так у двух словах тлумачыць захопленасць вучняў і іх адданасць справе настаўніца фізікі Ніка Цішчанка. Гэтая самая энергія, як і належыць, не ўзнікае з нічога і не знікае, а толькі пераходзіць з адной формы ў другую. Затым трансфармуецца ў матэрыю перамог, здабытых у выніку ўпартага вывучэння тэорыі, рашэння задач і доўгіх эксперыментаў. "РэмерУмкі" сёння - пяць перспектыўных гімназістаў (чатыры дзесяцікласнікі і адна васьмікласніца). У такім складзе яны ўдзельнічалі ў XXXII Рэспубліканскім турніры юных фізікаў, які правялі на базе ліцэя БДУ ў лютым. Віцябляне вярнуліся з дыпломам III ступені. 

Свет эксперыментаў

Юныя фізікі малазнаёмаму чалавеку здаюцца даволі замкнёнымі і маласлоўнымі. Але толькі адна просьба прадэманстраваць эксперымент, здаецца, пераключае іх на зусім іншы "рэжым працы". Праз секунду ўжо ажыўленыя і натхнёныя падлеткі раскладваюць на школьнай парце набор для чарговага досведу.

Паказваюць трук з лінейкай. Настаўніца фізікі Ніка Генадзьеўна тлумачыць, што ён апісаны ў школьным курсе. Інструмент для вымярэння кладуць так, каб яго палова знаходзілася на краі стала, а другая - у паветры. На свабодны канец лінейкі кідаюць шарык. Калі ў той момант яе частку накрыць лістом паперы, то яна ўтрымаецца на стале. "Напісана, што справа ў атмасферным ціску. Не. Усё на самой справе праяўляецца па-іншаму", - сцвярджае педагог.