31 мая, Віцебск /Алена Ціханава – БЕЛТА/. Абласное свята гісторыка-культурных каштоўнасцей, фальклору і рэдкіх рамёстваў "Букет Паазер'я" пройдзе сёння ў Воршы, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Вакар.
У праграме выстава-кірмаш вырабаў народных майстроў і майстар-класы па рэдкіх аўтэнтычных рамёствах. У прыватнасці, будуць прадстаўлены ажурнае ткацтва, вышыўка перавыць (белым па белым), маляванка (распісныя дываны на тканіне), роспіс па дрэве, пляценне бісерам, архаічная ляпная кераміка. Секрэтамі рамёства падзеляцца каля 60 народных майстроў з усіх рэгіёнаў вобласці.
Таксама пройдзе прэзентацыя аматарскіх аб'яднанняў традыцыйнай беларускай кухні, фальклору і гульні. Завершыцца свята канцэртам заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь "Сунічкі" (Лепель).
Абласное свята гісторыка-культурных каштоўнасцей, фальклору і рэдкіх рамёстваў "Букет Паазер'я" праводзіцца з мэтай захавання аўтэнтычнай гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёнаў Віцебшчыны. Арганізатары спадзяюцца, што яно стане традыцыйным, і плануюць праводзіць яго штогод у розных раёнах вобласці.-0-