Хутка бегчы і трапна страляць — формула поспеху для вучняў, якія выступалі на раённых спаборніцтвах па лыжным спорце, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і біятлоне «Снежны снайпер».
Хутка бегчы і трапна страляць — формула поспеху для вучняў, якія выступалі на раённых спаборніцтвах па лыжным спорце, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і біятлоне «Снежны снайпер». «Тут нараджаецца біятлон» — галосіць рэфрен, які кожны з вас можа бачыць на тэлевізійным экране. Дацягнуцца да лаўроў трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Домрачавай суджана не ўсім. Галоўнае — тут нараджаецца любоў да зімовых відаў спорту і здаровага ладу жыцця. Сам жа «Снежны снайпер» нарадзіўся адносна нядаўна — дзесятак гадоў таму. Нават на самых першых стартах яму не было роўных у паспяховасці і масавасці. Нямалаважным фактам з'яўляецца і тое, што ў імправізаваным біятлоне ўдзельнічаюць аматары, якія не вучацца ў спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах. І, вядома ж, для ўсіх вяршыняй з'яўляецца рэспубліканскі, фінальны, этап спаборніцтваў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Бо там ёсць шанец не толькі паказаць сваё майстэрства на вачах у мноства заўзятараў, але і пагутарыць з легендамі беларускага спорту Алегам Рыжанковым, Аленай Зубрылавай, Сяргеем Далідовічам і галоўнай біятлоннай «прымай» — Дар'яй Домрачавай. У лютым запланаваны мас-старт і змешаная эстафета ў розных узроставых групах. Патрапіць туды можна толькі прайшоўшы горніла папярэдніх выпрабаванняў.
Тое, што выпрабаванні ў нашых хлопцаў на базе Бароўскай сярэдняй школы і міжшкольнага цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Лепельскага раёна будуць не з лёгкіх, было бачна няўзброеным вокам. Бо на трасе трэба было змагацца з халодным надвор'ем, глейкім снегам і з супернікамі. У стралковым тыры — перш за ўсё, з самім сабой. Тут на першы план выходзяць моцныя нервы і стрэсаўстойлівасць. У фінальным пратаколе кінулася ў вочы тое, што пераважная колькасць месцаў на п'едэстале гонару занялі прадстаўнікі сельскіх школ. Аб чым гэта сведчыць? Напэўна, аб тым, што і фізічнае развіццё ў іх лепшае, і розных спакус у вёсках менш. Сярод дзяўчынак у старэйшай узроставай групе першае месца заваявала Ганна Шапа (Старалядненская дзіцячы сад-сярэдняя школа), другое — Дар'я Потацкая (Матырынская дзіцячы сад-сярэдняя школа), трэцяе — Аліна Пасмурэц (Заслонаўская сярэдняя школа). У малодшай перамагла Карына Скараходзька (Старалядненская дзіцячы сад-сярэдняя школа), Алена Баран (Старалепельская базавая школа) — другая, Вікторыя Плігоўка (гімназія ім. І. М. Ерашова) — трэцяя.
У юнакоў у старэйшай узроставай групе канкурэнтаў абышоў Яўген Залатуха (Стайская сярэдняя школа), другім стаў Аляксандр Аляксееў (Заслонаўская сярэдняя школа), трэцяе месца заняў Мацвей Сцепук (Бароўская сярэдняя школа). У малодшай групе першынстваваў Цімафей Хацкевіч (Домжарыцкая сярэдняя школа), Багдан Шасцітко (Бароўская сярэдняя школа) і Аляксандр Мудрагель (Старалядненская дзіцячы сад-сярэдняя школа) заваявалі другое і трэцяе месца адпаведна.
У камандным першынстве «бронза» за Бароўскай сярэдняй школай, «серабро» — Матырынскай дзіцячы сад-сярэдняй школай. Перамогу атрымалі спартсмены Старалядненскай дзіцячы сад-сярэдняй школы.
— Зусім нядаўна мы занялі агульнакаманднае першае месца ў зімовым мнагабор'і «Здароўе». Трэніраваліся два тыдні запар перад «снайперам», — кажа настаўнік фізічнай культуры Старалядненскай дзіцячы сад-сярэдняй школы Аляксандр Зайцаў. — Хлопцы з задавальненнем заставаліся пасля школьных заняткаў, бегалі на снежнай трасе, займаліся АФП. Карына Скараходзька заслужана даказала, што яна наймацнейшая ў малодшай групе. Пагадзіцеся, для дзяўчынкі скакаць за два метры і адціскацца ад падлогі каля пяцідзесяці разоў — вельмі высокі паказчык.
На здымках: пераможцы «Снежнага снайпера» —
каманда Старалядненскай дзіцячы сад-сярэдняй школы