13 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло – БЕЛТА/. Былы дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства Шаркаўшчынскага раёна браў хабары мабільнікам, ноўтбукам і душавой кабінай і атрымаў за гэта пакаранне, расказаў карэспандэнту БЕЛТА пракурор аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Віцебскай вобласці Ігар Лісоўскі.
Як было ўстаноўлена ў ходзе судовага следства, былы кіраўнік гаспадаркі пагадзіўся паскорыць разлікі за работы, выкананыя прыватнай будаўнічай кампаніяй, толькі пасля таго, як яе кіраўнікі перадалі яму ў якасці ўзнагароджання мабільны тэлефон, ноўтбук і душавую кабіну з гідрамасажам.
І хоць агульны кошт хабару крыху перавысіў Br6 млн., суд прыгаварыў 48-гадовага былога дырэктара да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую установу адкрытага тыпу на тэрмін 3 гады 6 месяцаў з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый на тэрмін 3 гады. На падставе арт. 8 Закона "Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія здзейснілі злачынствы" ад 9 ліпеня 2012 года суд прыняў рашэнне вызваліць ад пакарання ў выглядзе абмежавання волі часткова на адзін год. Мабільнік і душавая кабіна канфіскаваны, а вось ноўтбук хабарнік паспеў выкінуць у раку.
Злачынства было выяўлена ў выніку правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў 9-м Упраўленнем (па Віцебскай вобласці) ГУБВПК МУС Беларусі. Крымінальная справа расследавалася РОСК Шаркаўшчынскага раёна. Прысуд уступіў у законную сілу.-0-
БЕЛТА
Былы дырэктар сельгаспрадпрыемства Шаркаўшчынскага раёна браў хабары мабільнікам, ноўтбукам і душавой кабінай
13.9.20120 праглядаў