Будынак былога кляштара, пабудаваны ў 1735 годзе, дзе, паводле падання, спыняўся Напалеон падчас яго паходу на Маскву, прададзены на электронных таргах за базавую велічыню (45 беларускіх рублёў).

Былы кляштар кармелітаў уяўляе сабой двухпавярховы прамавугольны будынак з падвалам, накрыты двускатным дахам. Будынак прыбудаваны да касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы. Гэты ансамбль з'яўляецца яркім прыкладам архітэктурнай эпохі барока ў Беларусі.

Раней камітэт дзяржмаёмасці Віцебскага аблвыканкама 19 разоў беспаспяхова выстаўляў будынак кляштара на аўкцыён, але пакупнікоў не знаходзілася.

Новым уласнікам стала прыватная арганізацыя з Мінска, якая была адзіным удзельнікам аўкцыёну. Асноўная ўмова продажу ‒ гэта яго аднаўленне як аб'екта гісторыка-культурнай каштоўнасці.

У будучыні тут магчыма размяшчэнне адміністрацыйна-гаспадарчага або будынка рэлігійнага (культавага) прызначэння.

На дадзены момант камітэтам прапануюцца да продажу яшчэ 5 аб'ектаў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта ‒ будынак спіртзавода ў аг. Полымя Сенненскага раёна, паштовая станцыя в. Паграбенка Сенненскага раёна, кузня ў аг. Двор-Нізгалава Бешанковіцкага раёна, сядзібныя дамы ў в. Галошава Талачынскага раёна і ў в. Новае жыццё Ушацкага раёна.

Можна адзначыць, што ўсе аб'екты прапануюцца да продажу за адну базавую велічыню. Абавязковая ўмова продажу ‒ гэта іх аднаўленне.

vitebsk-region.gov.by