24 лютага, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Спецыялісты турыстычнага цэнтра "Дортур" Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі распрацавалі экскурсійныя туры з выкарыстаннем чыгуначнага транспарту, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры БЧ.
Спецыялісты адзначылі, што экскурсійныя туры створаны ў тым ліку з улікам абвешчанага ў краіне Года гасціннасці, мерапрыемстваў чэмпіянату свету па хакеі, святкавання 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У прыватнасці, падчас чэмпіянату плануецца павялічыць колькасць экскурсій па праекце "Цягнiком у сталiцу". Ён прадугледжвае магчымасць наведвання штодзённых аўтобусных экскурсій "Мінск - сталіца Рэспублікі Беларусь", якія арганізуюць ад чыгуначнага вакзала і будуць праводзіць тры разы на дзень на рускай мове і адзін раз - на англійскай.
Распрацаваны новыя экскурсіі па Беларусі для арганізаваных груп з перамяшчэннем на электрапоездах гарадскіх і рэгіянальных ліній у Оршу, Ждановічы, Баранавічы. Таксама складзены экскурсійныя праграмы з начнымі пераездамі ў рэгулярных поездах у Брэст, Полацк, Гродна, Магілёў. Напрыклад, па маршруце Мінск-Заслаўе-Дудуткі прадугледжваецца пераезд Мінск-Заслаўе электрапоездам гарадскіх ліній з далейшым знаёмствам з Заслаўем і наведваннем музея старажытных народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі". Спецыялісты вылучылі таксама маршруты Мінск-Орша-Мінск (з наведваннем музея лакаматыўнага дэпо ў Оршы і Аршанскага мемарыяльнага музея К.С.Заслонава), Мінск-Гродна-Мінск (з агляднымі экскурсіямі па Гродне і наведваннем агратурыстычнага комплексу "Коробчицы"), Мінск-Брэст-Мінск (з агляднымі экскурсіямі па Брэсце і наведваннем мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" або нацыянальнага парка "Белавежская пушча").
У прэс-цэнтры адзначылі, што падрабязна з праграмамі тураў можна азнаёміцца на сайце Беларускай чыгункі.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)