22 сакавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Беларуская чыгунка ў красавіку плануе ўвесці ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс сучаснай аўтаматычнай блакіроўкі з ужываннем мікрапрацэсарных тэхналогій на ўчастку Віцебск-Полацк. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе БЧ. Аналагічная аўтаматычная блакіроўка была ўпершыню ўведзена ў эксплуатацыю летась на ўчастку Ксты-Наваполацк. "У адрозненне ад рэлейнай аўтаматычнай блакіроўкі яна менш энергаёмістая і мае пашыраныя функцыянальныя магчымасці па інтэрвальным рэгуляванні рухам цягнікоў", - растлумачылі ў прэс-службе. На ўчастку Віцебск-Полацк завяршаюцца пусканаладачныя работы ў ходзе рэалізацыі першага пускавога комплексу аўтаматычнай блакіроўкі і вядуцца будаўніча-мантажныя і пусканаладачныя работы па другім і трэцім пускавых комплексах. Вынікам рэалізацыі праекта стане поўная замена састарэлых прылад аўтаматычнай блакіроўкі і электрычнай цэнтралізацыі на сучаснае абсталяванне. Гэта дазволіць абнавіць і мадэрнізаваць прылады сігналізацыі і сувязі на ўчастку Віцебск-Полацк, які з'яўляецца адным з самых грузапатрэбных на Беларускай чыгунцы. Сістэма цэнтралізацыі забяспечвае кіраванне стрэлкамі і святлафорамі і прызначана для кіравання рухам цягнікоў і манеўранай працай на станцыі. Укараненне прылад аўтаматычнай блакіроўкі і электрычнай цэнтралізацыі з ужываннем мікрапрацэсарных тэхналогій з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў работы БЧ, накіраваных на забеспячэнне бяспекі руху цягнікоў, павышэнне аператыўнасці кіравання перавозачным працэсам.-0-

БЕЛТА