16 ліпеня, Мінск /Вольга Бяляўская - БЕЛТА/. Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі ўкараняе новыя энергазберагальныя тэхналогіі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе БЧ. У час рэалізацыі праекта на станцыі Віцебск, у лакаматыўным дэпо Віцебск і Віцебскім вагонным дэпо ўстаноўлены вакуумныя сонечныя калектары айчыннай вытворчасці. "Укараненне геліевых сістэм вядзецца на аддзяленні з 2008 года, - распавялі ў прэс-службе. - Усяго на структурных падраздзяленнях устаноўлена 12 сонечных калектараў. Усе яны прызначаны для падагрэву вады ў міжсезонны перыяд, адпавядаюць сучасным патрабаванням экалогіі і дазваляюць штогод эканоміць больш за 200 т умоўнага паліва". За апошнія пяць гадоў Віцебскае аддзяленне знізіла спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў у супастаўных умовах на 20%. У мінулым годзе на прадпрыемствах аддзялення было рэалізавана больш за 100 энергазберагальных мерапрыемстваў, пры гэтым зэканомлена больш за 1,6 тыс. т у.п. У бягучым годзе работы па аптымізацыі тэхналагічных працэсаў і ўкараненні інавацый працягнуцца. "Прымяненне альтэрнатыўных крыніц энергіі - гэта перспектыўнае экалагічнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, якое набірае папулярнасць ва ўсім свеце, - дадалі ў прэс-службе. - Беларуская чыгунка прымае непасрэдны ўдзел у рэалізацыі Нацыянальнай праграмы развіцця мясцовых і аднаўляльных энергакрыніц на 2011-2015 гады". У вырашэнні пытанняў энергазберажэння магістраль выкарыстоўвае комплексны падыход. На працягу 2012 года запланавана ўстаноўка геліевых воданагравальных сістэм і цеплавых помпаў на прадпрыемствах усіх аддзяленняў БЧ. Будзе пашырана прымяненне святлодыёднага асвятлення, праведзена замена зношанага абсталявання і цеплатрас. Акрамя таго, шэраг энергазберагальных мерапрыемстваў будзе накіраваны на павелічэнне выкарыстання мясцовых відаў паліва і другасных энергетычных рэсурсаў.-0-

БЕЛТА