15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Часціцы мошчаў і абраз святых Пятра і Фяўроніі прыбудуць у Свята-Успенскі кафедральны сабор Віцебска 22 жніўня. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскай епархіі.
Святыні даставяць у горад над Дзвіной да палудня 22 жніўня і выставяць для пакланення ў саборы да 27 жніўня. Веруючыя ўзносяць святым малітвы аб стварэнні сям'і, дараванні дзіцяці, аб чыстым каханні і сямейным дабрабыце.
У Віцебскай вобласці знаходзіцца адзіны ў Беларусі помнік благаверным Пятру і Фяўроніі Мурамскім. Ён быў адкрыты ў вёсцы Сар'я Верхнядзвінскага раёна 8 ліпеня 2011 года ў Дзень сям'і, любові і вернасці. Вёска Сар'я не выпадкова выбрана месцам для ўсталявання помніка - напачатку XIX стагоддзя мясцовы памешчык Ігнат Лапацінскі ў памяць аб сваёй жонцы Марыі, якая рана памерла, пабудаваў найпрыгажэйшы храм у неагатычным стылі, які праз дзесяцігоддзі стаў храмам Успення Прасвятой Багародзіцы.
Пётр быў сынам мурамскага князя Юрыя Уладзіміравіча і ўступіў на пасад у 1203 годзе. За некалькі гадоў да гэтага святы Пётр захварэў праказой, ад якой ніхто не мог яго вылечыць. У сне ён пачуў прадрачэнне, што яго зможа вылечыць дачка пчаляра благачэсцівая дзева Фяўронія. Убачыўшы Фяўронію наяве, князь палюбіў яе за благачэсцівасць, мудрасць і дабрыню, і даў абяцанне ажаніцца на ёй пасля вылячэння. Святая Фяўронія вылечыла Пятра і стала яго жонкай.
Святыя муж і жонка Пётр і Фяўронія праславіліся благачэсцівасцю і міласэрнасцю. Яны пранеслі любоў адзін да аднаго праз усе выпрабаванні і сканалі ў адзін дзень і час 8 ліпеня 1228 года. Целы святых былі пакладзены ў адным труне. Цяпер мошчы святых Пятра і Фяўроніі спачываюць у храме Святой Тройцы Свята-Троіцкага манастыра ў Мураме.-0-
БЕЛТА
Часціцы мошчаў святых Пятра і Фяўроніі прыбудуць у Віцебск 22 жніўня
15.8.20120 праглядаў