15 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадпрыемствы прыватнай і камунальнай формы ўласнасці Віцебскай вобласці ў студзені-кастрычніку 2011 года больш чым у два разы перавыканалі заданне па забеспячэнні станоўчага сальда знешнегандлёвага абароту і давялі яго да $276,6 млн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама. Экспарт тавараў у фактычных цэнах (без уліку рэспубліканскіх арганізацый, нафты і нафтапрадуктаў) за студзень-кастрычнік склаў $917,8 млн., што на 82% вышэй за паказчыкі за аналагічны перыяд 2010 года, імпартавана прадукцыі на $641 млн. пры тэмпе росту 126,6%. Нарошчванне экспартных паставак праводзілася не толькі за кошт традыцыйных для рэгіёна груп тавараў (прадуктаў харчавання, вырабаў лёгкай прамысловасці і машынабудавання), але і за кошт новых відаў, асвоеных прадпрыемствамі рэгіёна ў бягучым годзе. На знешніх рынках упершыню пачалі прадаваць сілавы кабель, водаачысныя блочна-мадульныя станцыі, аўтамабілі спецыяльнага прызначэння, трансфарматары. Актывізаваліся продажы сельскагаспадарчай тэхнікі, дзвярных палотнаў, вырабаў з ПВХ, абутку, будаўнічых матэрыялаў. Працягваецца дыверсіфікацыя замежных паставак. Экспарт у краіны СНД, Еўропы, Азіі, Блізкага Усходу, Амерыкі за год вырас у 1,3 - 1,5 раза. Колькасць экспарцёраў павялічылася на 102 арганізацыі, пры гэтым колькасць чыстых імпарцёраў скарацілася на 14. Напалову скараціўся імпарт ёгуртаў, напояў, абутку, швейных вырабаў. З пераліку імпартазамяшчальных тавараў, замацаваных за аблвыканкамамі, асвоена вытворчасць 27 відаў вырабаў. Па выніках 2011 года станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі без уліку рэспубліканскіх арганізацый, нафты і нафтапрадуктаў прагназуецца на ўзроўні $390 млн., у тым ліку па юрыдычных асобах без ведамаснай падпарадкаванасці - $220 млн. Да канца года па 16 імпартазамяшчальных праектах камунальныя прадпрыемствы плануюць выпусціць прадукцыі на $42 млн.-0-

БЕЛТА