22 жніўня, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Прыватны бізнес неабходна актыўней прыцягваць да вырашэння пытанняў забеспячэння даступнасці дашкольнай адукацыі. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук, які сёння ў Гродне прыняў удзел у абласным нарадзе работнікаў сістэмы адукацыі. Па словах першага намесніка міністра, адной з важных задач, якія зараз неабходна вырашаць у сістэме адукацыі, з'яўляецца даступнасць дашкольных устаноў. Гэтая праблема існуе ў першую чаргу ў буйных гарадах, дзе нават пры наяўнасці месцаў у дашкольных установах назіраюцца цяжкасці з дастаўкай да іх дзяцей. Задача даступнасці дашкольнай адукацыі вырашаецца рознымі спосабамі, у тым ліку будаўніцтвам новых дашкольных устаноў. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці да канца года будзе адкрыта 3 новых дзіцячых сада, 2 з іх - у Гродне. Таксама арганізуецца падвоз дзяцей да дашкольных устаноў. Акрамя таго, падкрэсліў Аляксандр Жук, рашэнне праблемы бачыцца ў тым, каб шукаць магчымасці прыцягнення бізнесу, прадпрымальнікам неабходна прадастаўляць магчымасць адкрываць прыватныя сады. "Пад'язджаючы, да прыкладу, да Гродна, бачыш шмат прыгожых катэджаў, упэўнены, тут пражывае нямала бацькоў, якім па сілах адпаведным чынам прафінансаваць знаходжанне дзяцей у такіх установах", - дадаў першы намеснік міністра. У Гродзенскай вобласці ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй складае 80,4%. Як распавёў начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сегоднік, гэты паказчык на сяле ўдалося на працягу года павялічыць з 77,4% да 83,4% за кошт актыўнага ўкаранення новых форм і арганізацыі падвозу дзяцей. У далейшым на Гродзеншчыне праблему маюць намер вырашаць за кошт дакладнай арганізацыі "бацькоўскіх маршрутаў" для падвозу дзяцей у аддаленыя сады, унядрэння такіх новых форм адукацыі, як сямейныя дзіцячыя сады, аказанне гувернерскіх паслуг, стварэнне прыватных дашкольных устаноў.

БЕЛТА