9 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. "Чалавека чытаючага" шукаюць у Полацку. Цэнтральная бібліятэчная сістэма горада ў Год кнігі абвясціла фотаконкурс "Чалавек чытаючы", расказала карэспандэнту БЕЛТА загадчыца бібліятэкі №3 ім. Янкі Купалы Валянціна Багданава. Галоўная задача конкурсу - папулярызацыя чытання. Фотаработы розных жанраў - мастацкія, рэпартажныя, будуць прымацца да жніўня бягучага года, а ў Дзень бібліятэк 15 верасня стануць вядомыя імёны пераможцаў. Усе яны атрымаюць прызы, а іх работы ўпрыгожаць бібліятэчныя залы. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца ўсе ахвотныя: і прафесіяналы, і аматары. Прызёры вызначацца ў дзвюх намінацыях - работы фатографаў да 21 года і работы тых, хто старэйшы. На думку Валянціны Багданавай, якая два дзясяткі гадоў працуе ў бібліятэчнай сістэме, зважаючы на колькасць чытачоў, шукаць чытаючага чалавека фатографам не давядзецца. "Чытачоў менш не становіцца, мяняюцца іх інтарэсы. Моладзь з задавальненнем карыстаецца электроннымі і аўдыякнігамі, але і традыцыйная кніга не саступае лідарства", - канстатавала суразмоўніца. На яе думку, Год кнігі, абвешчаны ў Беларусі, будзе спрыяць не толькі папулярызацыі чытання, але і пашырэнню кнігавыдавецкай дзейнасці.-0-

БЕЛТА