Нядаўняя сустрэча ў Медыяцэнтры Віцебскай вобласці была прысвечана высокаму мастацтву, якое больш за трыццаць гадоў таму прапісалася ў Віцебску і штогод радуе аматараў жыхароў і гасцей горада. Гаворка ідзе пра найстарэйшы на постсавецкай прасторы і адзін з найпрэстыжнейшых у Еўропе форум – Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі, або IFMC.
– Фестываль чакаюць і гледачы, і харэографы, і танцоры. Гэта бачна па шматлікіх заяўках, якія паступаюць ад калектываў, і па ажыятажы ў білетных касах, – адзначыў генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Глеб Лапіцкі.
Глеб Лапіцкі таксама падкрэсліў, што IFMC прыцягвае ўвагу да Віцебска як цэнтра развіцця элітарнага мастацтва і даказвае, што ў нашым горадзе могуць рэалізоўвацца праекты сусветнага ўзроўню.
Якім жа будзе сёлетні, трыццаць чацвёрты па ліку фестываль? Чым парадуе і здзівіць аматараў танца мадэрн? Пра гэта расказала стваральнік праекта і душа IFMC – намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах Цэнтра культуры «Віцебск» Марына Раманоўская.
Сёлета пройдзе нацыянальны конкурс. Радуе, што ў Беларусі за апошнія гады значна вырасла дыяспара танцуючых, якая ўсё ярчэй заяўляе пра сябе.
– На папярэдні адбор было даслана больш за 40 твораў, у выніку засталося 25, якія паказалі годны ўзровень. Некаторыя работы прыемна здзівілі, напрыклад, пастаноўкай у стылі тэатра абсурду, – расказала Марына Раманоўская.
У гасцявой праграме выступяць Балет «МОСКВА», які прадставіць вынік лабараторыі сучаснага танца і спектакль «Усе шляхі вядуць на Поўнач», Тэатр «Балет Яўгена Панфілава» з двума пастаноўкамі: «Прынц і жабрак» і «Рамэа і Джульета», Тэатр сучаснага танца «КАННОН ДАНС» з Санкт-Пецярбурга з балетамі «Куб невымаўляльны» і «Без сэрца» і Беларускі дзяржаўны моладзевы тэатр са спектаклем «Дакрананне. Маленькая гісторыя пра тое, што ўнутры … і ўсё». Дарэчы, апошні паставіла віцебскі харэограф Дыяна Юрчанка.
У журы, якое сёлета ўзначаліў саліст Вялікага тэатра Беларусі, народны артыст Беларусі Канстанцін Кузняцоў, увайшлі прадстаўнікі Паўночнай Македоніі, Харватыі, Італіі.