Полтары тоны дэкарацый для выступлення, аркестр з 20 музыкантаў-віртуозаў, без дырыжора. Чым яшчэ здзівяць жыхароў і гасцей паўночнай сталіцы ў Дні культуры Новасібірскай вобласці ў Рэспубліцы Беларусь? Пра гэта распавёў мастацкі кіраўнік Віцебскай абласной філармоніі Уладзімір Бабарыка.

Маштабнае мерапрыемства пройдзе ў трох гарадах – Мінску, Брэсце і Віцебску. Паўночная сталіца была выбрана новасібірцамі невыпадкова, тут нарадзіўся Іван Салерцінскі, – выдатны музыказнавец XX стагоддзя, мастацкі кіраўнік Санкт-Пецярбургскай філармоніі, які ў гады вайны быў эвакуіраваны ў Новасібірск, дзе пражыў апошнія гады жыцця.

– Мы даўно цесна супрацоўнічаем з Масквой і Санкт-Пецярбургам, іншымі расійскімі гарадамі, але з Новасібірскам пачалі наладжваць блізкія адносіны толькі летась, – адзначыў Уладзімір Бабарыка. – Нам вельмі прыемна, што імкненне да яднання двух братніх народаў настолькі вялікае, што нашы калегі з поўначы Расіі пераадолеюць вельмі вялікую адлегласць, каб прадставіць нам свае унікальныя праграмы.

24 мая а 19 гадзіне ансамбль салістаў «Новасібірская камерата» Новасібірскай дзяржаўнай філармоніі – унікальны струнны аркестр з 20 музыкантаў-віртуозаў, якія выступаюць без дырыжора, прэзентуе на суд віцебскай публікі канцэртную праграму «Concertogrosso – сувязь часоў». Музыканты выканаюць творы не толькі такіх вядомых кампазітараў, як Антоніа Вівальдзі, Луіджы Бокерыні, Шарля Гуно, але і сібірскага кампазітара Сяргея Краўцова, які напісаў на тэмы гурта «Бітлз» некалькі класічных твораў.

26 мая а 18 гадзіне адбудзецца вялікі канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага Сібірскага рускага народнага хору. У першым аддзяленні калектыў прадставіць праграму «Прынашэнне Подзвігу», у якой выкажуць падзяку абаронцам Айчыны, якія ўдзельнічалі ў баях за вызваленне братняга народа. У іншым аддзяленні на просьбу беларускіх калег ансамбль выступіць з праграмай «Сібірская вольніца». Гэта своеасаблівы зрэз культурных традыцый казакоў Сібіры, аўтарскае асэнсаванне працэсу ўплыву традыцыйнай культуры народаў Сібіры на фарміраванне і развіццё казацтва.