22 студзеня, Віцебск /Дыяна Курыла - БЕЛТА/. Памежнікі вырашылі скарыстацца багатымі снегападамі і спяшаюцца правесці чэмпіянат органаў памежнай службы Беларусі па лыжных гонках, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік прэс-службы Полацкага пагранатрада Дзяніс Глебко. Полацкі пагранатрад 26 і 27 студзеня прыме 14 каманд з усіх частак органаў памежнай службы Беларусі. Спаборніцтвы, якія будуць уключаць індывідуальныя гонкі і эстафету 3Х5 км, пройдуць на базе Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву ў Баравусе-1. Жанчынам-ваеннаслужачым трэба будзе вызначыць наймацнейшую ў гонцы на 3 км. А вось для мужчын вызначальным стаў узрост: тыя, каму яшчэ не споўнілася сарака, пабягуць на лыжах 10 км, тым, хто размяняў пяты дзясятак, трэба будзе бегчы 5 км. Для ўдзельнікаў спаборніцтваў будзе арганізаваны канцэрт і наведванне музея прадметаў рыштунку Першай і Другой сусветных войнаў, які дзейнічае ў Полацкім пагранатрадзе.-0-

БЕЛТА