19 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Раённы чэмпіянат па спартыўнай лоўлі ракаў пройдзе ў Полацкім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме. На возеры Белае каля вёскі Азіна 22 ліпеня збяруцца аматапы незвычайнай рыбалкі. На працягу гадзіны ім давядзецца рукамі лавіць ракаў. Па папярэдніх даных, у спаборніцтве збіраюцца прыняць удзел каля 40 каманд, у кожнай з якіх па два ўдзельнікі. Як адзначылі ў райвыканкаме, возера Белае з'яўляецца любімым месцам адпачынку жыхароў Полацка і Наваполацка, таму арганізатары спадзяюцца, што да заяўленых удзельнікаў далучацца адпачывальнікі. Пераможцаў чакаюць прызы, а ўсіх удзельнікаў лоўлі - спецыяльныя значкі з лагатыпам чэмпіянату. Лоўля ракаў рукамі - адзін з самых простых, хуткіх, выніковых і вясёлых спосабаў, запэўніваюць прафесіяналы. У кожнага лоўца ракаў свая тактыка, але галоўнае ў гэтай справе - быць цярплівым да болю, бо рак, абараняючыся, шчыпле клешнямі.-0-

БЕЛТА