6 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Другі чарнічны чэмпіянат пройдзе ў Полацкім раёне 7 ліпеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай працы Полацкага райвыканкама. Сפ сезонныя чэмпіянаты па зборы ягад і грыбоў сталі візітнай карткай Полацкага раёна і з году ў год збіраюць усё больш удзельнікаў. Вось і другі чарнічны чэмпіянат пераўзышоў па колькасці ўдзельнікаў свайго папярэдніка. Калі летась чарніцу на хуткасць збіралі 40 каманд па 4 удзельнікі, то ў гэты раз заяўкі падалі 70 каманд. Свае каманды прадставілі сельсаветы, установы адукацыі, медыцынскія ўстановы, вытворчыя прадпрыемствы. Аднак пералік гэты не канчатковы. Папоўніць шэрагі збіральнікаў можна будзе да выхаду каманд на старт - да 7.30 раніцы. Нягледзячы на вялікую колькасць удзельнікаў, арганізатары запэўніваюць, што ягад хопіць на ўсіх, бо мясціны каля вёскі Заазер'е, дзе і пройдзе спаборніцтва, славяцца сваімі чарнічнікамі. Апоўдні каманды павінны паказаць журы вынікі сваіх збораў. Ягаду зважваюць і правяраюць, ці шмат смецця прынясуць конкурсанты разам з чарніцай. Усё, што збяруць удзельнікі каманд, яны змогуць забраць з сабой або прадаць тут жа мясцовай спажыўкааперацыі. Пераможцы атрымаюць ужо традыцыйныя прызы - мяккія цацкі ў выглядзе чарнічак-падушак. Для заўзятараў будуць арганізаваны вясёлыя гульні, канцэрт, гандаль разгорне шырокі продаж харчовай і сувенірнай прадукцыі. Па думцы арганізатараў полацкіх сезонных чэмпіянатаў, такія поцешныя спаборніцтвы з'яўляюцца выдатным спосабам арганізацыі здаровага адпачынку.-0-

БЕЛТА