16 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Чацвёра школьнікаў, пацярпелых на пажары ў Расонскай школе 7 сакавіка, будуць сёння выпісаны дадому, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач Віцебскай дзіцячай абласной клінічнай бальніцы Аляксандр Піткевіч.
Яшчэ два школьнікі пакуль працягнуць лячэнне: аднаму хлопчыку трэба аперацыя, а дзяўчынцы з ударам хрыбетніка неабходны строгі пасцельны рэжым пад наглядам урачоў. Стан дзяцей, што засталіся ў бальніцы, ацэньваецца як здавальняючы і не выклікае апасенняў у медыкаў.
Як паведамлялася, 7 сакавіка ў 8.00 паступіла паведамленне ў Расонскі аддзел па НС аб узгаранні ў 3-павярховым будынку Расонскай сярэдняй школы імя Машэрава. Да месца выкліку выехалі 4 падраздзяленні МНС. Сумесна з адміністрацыяй школы была праведзена эвакуацыя 575 дзяцей і 36 выкладчыкаў. Паводле даных МНС, у выніку здарэння пацярпелых ад апёкаў і атручвання чадным газам не было. Будынак школы не пацярпеў, задымлены сцены. Прычынай узгарання, па папярэдніх даных, стала неасцярожнае абыходжанне з агнём неўстаноўленай асобы, адбылося ўзгаранне назапашанай макулатуры.
Некалькі школьнікаў, спалохаўшыся моцнага задымлення, пачалі выскокваць з вокнаў і атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. За медыцынскай дапамогай першапачаткова звярнуліся восем пацярпелых дзяцей, семярых шпіталізавалі ў Расонскую цэнтральную раённую бальніцу, а затым шасцярых з іх перавялі ў дзіцячую абласную бальніцу.
Па факце пажару ў Расонскай сярэдняй школе ўпраўленнем Следчага камітэта па Віцебскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 304 Крымінальнага кодэкса Беларусі "Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, што пацягнула прычыненне цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў". -0-
БЕЛТА
Чацвёра пацярпелых на пажары ў Расонскай школе дзяцей сёння выпісваюцца дадому
16.3.20120 праглядаў