18 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці за студзень-верасень на вытворчасці загінулі 24 работнікі і 66 атрымалі цяжкія траўмы, што перавышае леташні ўзровень адпаведна на 20% і 3,1%. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Ануфрыеў. Па аператыўнай інфармацыі, рост смяротнага траўматызму адзначаецца ў Оршы, Наваполацку, Верхнядзвінскім, Докшыцкім, Дубровенскім, Ушацкім, Чашніцкім раёнах, у Першамайскім і Кастрычніцкім раёнах Віцебска. Павелічэнне колькасці выпадкаў цяжкага траўматызму адбылося ў Верхнядзвінскім, Глыбокскім, Дубровенскім, Полацкім, Чашніцкім, Шумілінскім, Лепельскім, Лёзненскім, Мёрскім, Талачынскім раёнах, Полацку і Оршы. Аналіз абставін, пры якіх адбыліся няшчасныя выпадкі (эксплуатацыя неадпаведнага патрабаванням абсталявання, адсутнасць агароджаў на абсталяванні і ў месцах вытворчасці работ, грэбаванне з боку работнікаў элементарнымі патрабаваннямі бяспекі і працоўнай дысцыпліны пры выкананні работ павышанай небяспекі і г.д.), сведчыць, што ў асноўным здарэнні адбываюцца па прычыне адсутнасці сістэмнага кантролю на прадпрыемствах і ў арганізацыях за выкананнем заканадаўства аб ахове працы, падкрэсліў Сяргей Ануфрыеў. Не губляе актуальнасці пытанне ўжывання алкаголю на працоўным месцы. Так, кожны чацвёрты няшчасны выпадак са смяротным зыходам у мінулым перыядзе адбыўся з работнікамі, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане. У структуры выпадкаў цяжкага траўматызму па гэтай прычыне прыпадае 11,3% супраць 4,7% у мінулым годзе. Акрамя таго, 68% няшчасных выпадкаў з цяжкімі наступствамі абумоўлена нізкім узроўнем працоўнай і выканаўчай дысцыпліны работнікаў, кіраўнікоў і спецыялістаў. Дадзеныя абставіны паказваюць на зніжэнне ўзроўню працоўнай і выканаўчай дысцыпліны з боку кіраўнікоў і спецыялістаў сярэдняга звяна і саміх работнікаў, заключыў Сяргей Ануфрыеў.-0-

БЕЛТА