25 жніўня, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. У Беларусі ў 2011-2015 гадах будуць пабудаваны 4 гідраэлектрастанцыі сумарнай магутнасцю больш за 100 МВт. Пра гэта гаворыцца ў Стратэгіі развіцця энергетычнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь, якая зацверджана пастановай Савета Міністраў №1180 і разлічана на перыяд да канца 2020 года. Тэкст дакумента апублікаваны на Нацыянальным прававым партале, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Як адзначаецца ў дакуменце, на рацэ Заходняя Дзвіна запланавана будаўніцтва дзвюх ГЭС - Полацкай і Віцебскай сумарнай магутнасцю 63 МВт і дзвюх ГЭС на рацэ Нёман - Гродзенскай і Нёманскай сумарнай магутнасцю 37 МВт. Таксама намечана аднавіць 10 дзейных і пабудаваць 35 новых мікра- і малых ГЭС. Планаваная выпрацоўка электраэнергіі складзе да 0,6 млрд. кВт.г, што эквівалентна каля 205 тыс.т.у.т. Патэнцыйная магутнасць усіх водатокаў Беларусі складае 850 МВт, у тым ліку тэхнічна даступная - 520 МВт, эканамічна мэтазгодная - 250 МВт. У цяперашні час магутнасць гідраэлектрастанцый у рэспубліцы складае 16,1 МВт.-0-

БЕЛТА