2 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У чатырох раёнах Віцебскай вобласці з-за моцнага марозу прыпынены заняткі ў школах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама.
Рашэннямі мясцовых органаў улады вучэбныя заняткі прыпынены з-за неспрыяльнага надвор'я ва ўсіх 22 школах Шумілінскага раёна, 5 школах Полацкага раёна, пачатковых класах Пастаўскага і Бешанковіцкага раёнаў. Плануецца, што да заняткаў школьнікі вернуцца на наступным тыдні, але пры ўмове спрыяльнай тэмпературы, адзначылі ва ўпраўленні.
Ноч з 1 на 2 лютага выдалася ў Віцебскай вобласці рэкордна халоднай. Тэмпература паветра апускалася да 28-30 градусаў. У бліжэйшыя дні марознае надвор'е захаваецца, па вобласці чакаецца днём 15-20 градусаў ніжэй за нуль, ноччу слупок тэрмометра будзе апускацца да 23-28 градусаў, а пры праясненнях - да 30-32 градусаў марозу. Пачатак наступнага тыдня будзе адзначаны аслабленнем марозу і ападкамі за кошт вынасу больш цёплага і вільготнага паветра з поўдня Еўропы, дадала вядучы інжынер-сіноптык Віцебскага абласнога цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя Людміла Барадзёнак.-0-
БЕЛТА
Чатыры раёны Віцебскай вобласці прыпынілі заняткі ў школах
2.2.20120 праглядаў