10 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Чатыры раёны Віцебскай вобласці прыступілі да сяўбы ранніх яравых збожжавых і зерневых бабовых культур, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.
Першыя выезды на палі пачаліся ў Браслаўскім, Глыбоцкім, Докшыцкім і Чашніцкім раёнах, дзе агулам па стане на 10 красавіка засеяны 261 га. "Тэхніка і людзі гатовыя да правядзення пасяўной, якая пакуль стрымліваецца ўмовамі надвор'я. Плануецца, што ў бліжэйшыя 2-3 дні з усталяваннем камфортнай станоўчай тэмпературы днём і ноччу аграрыі ўсіх раёнаў вобласці змогуць разгарнуць веснавыя палявыя работы", - адзначылі ў камітэце.
У цяперашні час у гаспадарках вобласці вядзецца падкормка азімых збожжавых і травяных угоддзяў. Завяршаецца падсейка шматгадовых траў пад азімыя збожжавыя культуры. Апошнія работы выкананы на 31,2 тыс.га плошчаў, што складае 78% да плана.
Агульная пасяўная плошча ў Віцебскай вобласці сёлета складзе 873 тыс.га, у тым ліку 500 тыс.га, або 57,3%, зоймуць збожжавыя і зерневыя бабовыя. Па тэхнічных культурах выдзелена 120 тыс.га (13,7%), бульба - 5 тыс.га (0,6%), агародніна адкрытага грунту - 1,8 тыс.га (0,2%), кармавыя культуры - 246,2 тыс.га (28,2%). Для правядзення веснавых палявых работ будзе задзейнічана каля 9 тыс. механізатараў.-0-
БЕЛТА
Чатыры раёны Віцебскай вобласці прыступілі да сяўбы ранніх яравых культур
10.4.20120 праглядаў