24 жніўня, Чашнікі /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. З чалавекам трэба нармальна размаўляць, не закрывацца казеннымі словамі, сказаў сёння на асабістым прыёме грамадзян у Чашніках намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч.
Нягледзячы на тое, што час прыёму грамадзян быў абвешчаны да 14 гадзін, скончыўся прыём значна пазней. Васемнаццаць чалавек без папярэдняга запісу прыйшлі да намесніка кіраўніка Адміністрацыі з рознымі пытаннямі: ад некваліфікавана адрамантаванага жылля да неправамоцных, на іх думку, адмоваў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і адкрыцця станцыі тэхабслугоўвання ў раёне. Кожны змог расказаць пра сваю праблему. Некаторыя атрымалі кампетэнтны адказ адразу, пытанні іншых запатрабавалі больш дэталёвага разбору і прыцягнення да іх вырашэння іншых інстанцый. Усе ўзнятыя пытанні ўзяты на кантроль намесніка кіраўніка Адміністрацыі.
На думку Валерыя Міцкевіча, большую частку праблем можна было б вырашыць, не звяртаючыся да вышэйстаячых органаў, калі б мясцовыя чыноўнікі і праваахоўныя органы ўмелі размаўляць з людзьмі. "Няўжо так цяжка нармальна растлумачыць чалавеку і даць адказы на ўсе яго пытанні. Часам складваецца ўражанне, што чым далей ад сталіцы, тым больш заняты чыноўнік", - дадаў ён.
Трэці этап маніторынгу работы органаў мясцовай улады з насельніцтвам працягваецца ў Віцебскай вобласці. Рабочая група Адміністрацыі Прэзідэнта працуе ў Пастаўскім і Глыбоцкім раёнах. Актывісты рэгіянальнага аддзялення грамадскага аб'яднання "Белая Русь" таксама вырашылі далучыцца да гэтай работы, яны правядуць прыёмы ва Ушацкім і Мёрскім раёнах.-0-
БЕЛТА
Чыноўнікам нельга хавацца ад людзей казеннымі словамі - Валерый Міцкевіч
24.8.20100 праглядаў