21 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Чыноўнікі Віцебскага аблвыканкама ў Дзень без аўтамабіля, 22 верасня, пакінуць асабістыя аўтамабілі на стаянках і максімальна абмяжуюць выкарыстанне службовых, распавёў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік справамі Віцебскага аблвыканкама Аляксей Матюшко. У Віцебскім гарвыканкаме работнікам таксама рэкамендавана скарыстацца паслугамі грамадскага транспарту замест асабістых машын. У Дзень без аўтамабіля ў Віцебскай вобласці пройдуць рэйды па выяўленні і спыненні ўдзелу ў дарожным руху аўтамабіляў, у якіх утрыманне таксічных рэчываў пры выхлапах перавышае ўстаноўленыя нарматывы. Без увагі Дзяржаўтаінспекцыі не застануцца беспрытульныя машыны: іх будуць выяўляць на стаянках і ў дварах, а затым гэту інфармацыю перададуць мясцовым уладам. Віцебская вобласць у 2010 годзе налічвала амаль 366 тыс. адзінак аўтатранспарту, з якіх парк асабістых машын склаў 250 тыс. Па падліках эколагаў, такая колькасць аўтатранспарту выкінула у атмасферу 117,9 тыс.т забруджвальных рэчываў. Упершыню акцыя "Дзень без аўтамабіля" прайшла ў Францыі ў 1997 годзе. Тады ў мерапрыемстве ўдзельнічала ўсяго каля 20 гарадоў, у 2001 годзе да руху афіцыйна далучыліся больш за тысячу гарадоў 35 краін свету, а з 2008 года ўдзельнікам стала і Беларусь. Цяпер штогадовая акцыя праходзіць у 40 краінах Еўропы і іншых кантынентах. 22 верасня 2011 года ў Беларусі праводзіцца штогадовая міжнародная акцыя "Дзень без аўтамабіля", арганізатарам якой выступае Мінпрыроды, абласныя камітэты, раённыя і гарадскія інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.-0-

БЕЛТА