27 лютага, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Паводле аператыўных даных, колькасць насельніцтва Беларусі на 1 лютага гэтага года склала 9 млн. 463 тыс. чалавек. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кандраценка. У параўнанні з 1 студзеня 2012 года жыхароў краіны стала менш на 2,2 тыс. чалавек. Колькасць жыхароў за месяц павялічылася толькі ў Мінску - з 1 млн. 885,1 тыс. чалавек на 1 студзеня 2012 года да 1 млн. 885,8 тыс. на 1 лютага бягучага года. У астатніх рэгіёнах рэспублікі колькасць жыхароў за студзень паменшылася. У выніку на 1 лютага гэтага года ў Гомельскай вобласці налічвалася 1 млн. 429,2 тыс. чалавек, у Мінскай - 1 млн. 402,9 тыс., у Брэсцкай - 1 млн. 391,1 тыс., у Віцебскай - 1 млн. 213,4 тыс., у Магілёўскай - 1 млн. 79,6 тыс., у Гродзенскай - 1 млн. 61 тыс. чалавек. У Беларусі захоўваецца станоўчы міграцыйны прырост - ён склаў за студзень бягучага года 476 чалавек (у студзені ў Беларусь прыбыло 1 тыс. 311 чалавек, выбыло 835). Паводле аператыўных даных, у Беларусі ў студзені бягучага года нарадзілася 8 тыс. 739 дзяцей - на 353 дзіцяці больш у параўнанні са студзенем 2011 года. Агульны каэфіцыент нараджальнасці за студзень у цэлым па рэспубліцы склаў 10,9 на 1000 жыхароў (у студзені 2011-га - 10,1 праміле). Сярод рэгіёнаў краіны самы высокі гэты паказчык быў у Мінскай (11,8) і Брэсцкай (11,5) абласцях, а самы нізкі - у Віцебскай вобласці (9,6). У Беларусі за студзень памерла 11 тыс. 365 чалавек - на 409 менш у параўнанні са студзенем 2011-га. Агульны каэфіцыент смяротнасці ў студзені роўны 14,1 на 1000 насельніцтва (у студзені мінулага года ён быў 14,6 праміле). Сярод рэгіёнаў краіны самы высокі гэты паказчык зафіксаваны ў Віцебскай (16,9) і Мінскай (15,9) абласцях, самы нізкі - у Мінску (9,7 праміле).-0-

БЕЛТА