25 лютага, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Паводле аператыўных даных, колькасць насельніцтва Беларусі на 1 лютага бягучага года (з улікам вынікаў перапісу 2009 года) склала 9 млн. 478,7 тыс. чалавек. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце з карыстальнікамі статыстычнай інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі Алена Кандраценка. У параўнанні з 1 студзеня 2011 года жыхароў краіны стала менш на 2,4 тыс. чалавек. Скарачэнне колькасці насельніцтва абумоўлена перавышэннем на 3 тыс. 389 чалавек колькасці памерлых над колькасцю народжаных пры станоўчым міграцыйным прыросте 932 чалавекі (у студзені ў Беларусь прыбыло 1 тыс. 473 чалавекі, выбыла 541). Колькасць жыхароў за месяц павялічылася толькі ў Мінску - з 1 млн. 864,1 тыс. чалавек на 1 студзеня 2011 года да 1 млн. 864,6 тыс. на 1 лютага бягучага года. У астатніх рэгіёнах рэспублікі колькасць жыхароў за студзень зменшылася. У выніку на 1 лютага ў Гомельскай вобласці налічвалася 1 млн. 434,6 тыс. чалавек, у Мінскай - 1 млн. 411,2 тыс., у Брэсцкай - 1 млн. 394,3 тыс., у Віцебскай - 1 млн. 221 тыс., у Магілёўскай - 1 млн. 87,4 тыс., у Гродзенскай - 1 млн. 65,6 тыс. чалавек.-0-

БЕЛТА