На Віцебшчыне колькасць абортаў штогод скарачаецца. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Юрый Дзеркач на канферэнцыі "Праблемы медыцынскай этыкі ў сучасным свеце", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сістэмны падыход у гэтым напрамку паказаў сваю высокую эфектыўнасць. Колькасць абортаў у вобласці на 1 тыс. жанчын фертыльнага ўзросту штогод скарачаецца, па выніках 2018 года гэты паказчык зменшыўся да 11 праміле", - адзначыў Юрый Дзеркач.
"На Віцебшчыне забяспечана 100% перадабортнага кансультавання, праводзяцца трэнінгі "Мама-школа", кансультацыі па фізіялогіі цяжарнасці, дародавага перыяду, родаў і сямейных узаемаадносін. На базе абласнога клінічнага радзільнага дома, у міжраённых радзільнях у Оршы і Наваполацку ажыццяўляецца комплекснае назіранне за жанчынай падчас цяжарнасці", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама.
Акрамя таго, у Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку функцыянуюць цэнтры здароўя моладзі. Іх праца накіравана на паляпшэнне фізічнага і рэпрадуктыўнага здароўя, умацаванне інстытута сям'і і стварэнне перадумоў для павышэння нараджальнасці і працягласці жыцця.
Юрый Дзеркач таксама закрануў пытанне развіцця дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій у Беларусі. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у краіне кожная пятая сямейная пара мае патрэбу ў лячэнні бясплоддзя. Праграмы дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій працуюць у Беларусі з канца 1990-х гадоў. Асноўныя праблемныя пытанні па іх выкарыстанні былі зняты з прыняццем закона аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях у 2012 годзе. У ім былі вызначаны прававыя, арганізацыйныя асновы прымянення экстракарпаральнага апладнення, штучнай інсемінацыі, сурагатнага мацярынства. "Прагрэсіўнасць гэтага дакумента цяжка пераацаніць, - сказаў Юрый Дзеркач. – Нядаўна, 31 мая, Савет Рэспублікі адобрыў папраўкі ў закон аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях, якія былі распрацаваны з улікам міжнароднай практыкі і зваротаў людзей. У цяперашні час разглядаецца пытанне прадастаўлення сямейным парам магчымасці правядзення аднаго ЭКА бясплатна".