125 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года — Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, нарошчваючы экспарт, упэўнена трымае заваяваныя пазіцыі на знешнім рынку.

125 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года — Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, нарошчваючы экспарт, упэўнена трымае заваяваныя пазіцыі на знешнім рынку.

Вось ужо амаль тры гады прадпрыемства стаіць на чале аднаго з шасці аграпрамысловых аб'яднанняў (АПА), створаных у Віцебскай вобласці па Указе Прэзідэнта № 70. На перапрацоўчых вытворчасцях і сельгаспрадпрыемствах, якія ўваходзяць у аб'яднанне, працуюць каля 6 тысяч чалавек. Агульнымі намаганнямі нарошчваецца вытворчасць збожжа, мяса і малака, што дазваляе АПА вырабляць якасную натуральную прадукцыю і займаць годныя пазіцыі як на айчынным рынку, так і за межамі Беларусі. Толькі за студзень — верасень гэтага года аб'яднаннем выраблена таварнай прадукцыі на 193 млн рублёў, або 103 працэнты да ўзроўню 2021-га, атрымана 340 млн рублёў выручкі ад рэалізацыі — 113 працэнтаў да мінулагодняга перыяду. Як удаецца прадпрыемству ў цяперашніх умовах нарошчваць аб'ёмы вытворчасці і выйграваць жорсткую канкурэнцыю на рынку?

Увага — сыравіннай зоне

Прыбытак ад рэалізацыі склаў 21 млн рублёў пры рэнтабельнасці продажаў 6,3 працэнта, чысты прыбытак — 12,5 млн рублёў. Так, калі коратка, сухімі лічбамі акрэсліў эканамічную сітуацыю па аб'яднанні генеральны дырэктар прадпрыемства Валерый Дулінскі:

— Праблемы, вядома, ёсць, але агульнымі намаганнямі і дзякуючы фінансавай падтрымцы вобласці і раёна вядзецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскагаспадарчых арганізацый па набыцці сучаснай высокапрадукцыйнай тэхнікі, рэканструкцыі і будаўніцтве малочна-таварных ферм, даільна-малочных блокаў, цэхаў па адкорме КРС, а таксама ўзвядзенні новых аб'ектаў з суправаджальнай інжынернай інфраструктурай. У цяперашні час працягваюцца работы ў пяці нашых сельгасарганізацыях: «Канстанцінаў Двор», «Мярэцкія», «Галубічы», «Даватарскі», «Барсучанка».