Чысты прыбытак арганізацый Віцебскай вобласці за 2012 год перавысіць леташні больш чым у 4 разы
24.12.20120 праглядаў
24 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Чысты прыбытак арганізацый Віцебскай вобласці, па папярэдняй ацэнцы, за 2012 год складзе Br7,3 трлн., рэнтабельнасць продажаў дасягне 9,5%, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.
У бягучым годзе адзначаецца станоўчая дынаміка якасных паказчыкаў развіцця. За студзень-кастрычнік прадпрыемствамі вобласці атрымана Br6,1 трлн. чыстага прыбытку, што амаль у 4 разы больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года, у тым ліку прамысловымі прадпрыемствамі - Br4,6 трлн., што больш чым у 7 разоў перавышае леташнія паказчыкі. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі ўзрасла за гэты час у 1,9 раза і склала па вобласці Br103,4 трлн., у тым ліку ў прамысловасці - Br69,9 трлн. Забяспечаны апераджальны рост выручкі над сабекоштам на 0,7 працэнтнага пункта. На працягу года захоўвалася ўстойлівая тэндэнцыя росту рэнтабельнасці продажаў. У цэлым па народна-гаспадарчым комплексе вобласці яна ўзрасла з 7,5% да 8,5% у студзені-кастрычніку, у тым ліку ў прамысловасці - з 8,1% да 9,2%, сельскай гаспадарцы - з 9,4% да 11,9%, будаўніцтве - з 3,7% да 5,3%.
У параўнанні са студзенем 2012 года колькасць стратных арганізацый скарацілася на 11,1%. Разам з тым у прамысловасці 13,9% прадпрыемстваў з'яўляюцца стратнымі, у будаўніцтве - 14,4%, у сельскай гаспадарцы - 1,7%, у сферы паслуг - 4,1%. Сума страт перавысіла Br500 млрд., што ў 1,3 раза больш адпаведнага ўзроўню 2011 года, з іх 72% прыпадае на долю прамысловых арганізацый.
Аналіз сітуацыі, праведзены камітэтам эканомікі, паказаў, што росту стратнасці ў першую чаргу спрыяла недастатковая праца па зніжэнні выдаткаў. Тэмп росту сабекошту апярэджвае тэмп росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі ў некаторых арганізацыях на 13 працэнтных пунктаў.
За тры кварталы 2012 года ўзровень затрат на вытворчасць прадукцыі арганізацый камунальнай уласнасці знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 0,3%, пры заданні 0,5%. Матэрыялаёмістасць прадукцыі за гэты перыяд знізілася на 2,1%, энергетычная ёмістасць - на 12,7%, у тым ліку ў прамысловасці - на 3,4% і 14,6%. Узровень матэрыялаёмістасці ўзрастаў на 47,7% прадпрыемстваў ад агульнай колькасці ўлічаных. Рост узроўню энергетычнай ёмістасці дапушчаны на 45,3% прадпрыемстваў.
У 2013 годзе ў вобласці будзе працягнута праца, накіраваная на забеспячэнне рэнтабельнасці продажаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы не ніжэй за 10%, выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг) у разліку на аднаго занятага не менш за 40 тыс. долараў ЗША, зніжэнне матэрыялаёмістасці ў прамысловасці на 5%, узроўню затрат у арганізацыях камунальнай уласнасці не менш чым на 0,5%, ліквідацыю стратнасці суб'ектаў гаспадарання.-0-
БЕЛТА