Некалькі гадоў таму ў Лепельскім раёне ў вёсцы Стары Лепель з'явіліся экалагічна чыстыя дамы для чарнобыльскіх перасяленцаў. Пасяленні такога тыпу ёсць толькі ў Віцебскай вобласці і ў вёсцы Дружная на Мядзельшчыне.
Некалькі гадоў таму ў Лепельскім раёне ў вёсцы Стары Лепель з'явіліся экалагічна чыстыя дамы для чарнобыльскіх перасяленцаў. Пасяленні такога тыпу ёсць толькі ў Віцебскай вобласці і ў вёсцы Дружная на Мядзельшчыне.
Будаўніцтвам дамоў займаліся валанцёры з Германіі, Беларусі і Італіі, мясцовыя жыхары – будучыя гаспадары дамоў і нямецкія спецыялісты. А сёлета з мясцовай экалагічнай сыравіны і будматэрыялаў узводзіцца цэнтр працоўнай і сацыяльна-бытавой рэабілітацыі інвалідаў у Лепелі.
Ідэю пабудаваць падобную ўстанову падтрымалі прадстаўнікі нямецкай дабрачыннай арганізацыі «Дамы замест Чарнобыля» і міжнароднага аб'яднання «ЭкаБудаўнік».
У ліпені на будаўнічы аб'ект прыбылі першыя нямецкія і беларускія валанцёры, якім трэба было выканаць адказную працу: запоўніць сцены сумессю гліны і драўнянай шчэпкі. Разам з прыезджымі на будоўлі працуюць мясцовыя будаўнікі, а на падсобных работах пасільную дапамогу аказваюць супрацоўнікі цэнтра і інваліды, для якіх гэтае будынак і будуецца.
Цікава, што самаму маладому нямецкаму валанцёру – 24 гады, а самаму старэйшаму – 74. Усяго з Германіі на Лепельшчыну прыехала 12 чалавек, большасць з іх – на пенсіі, але з задавальненнем працуюць на будоўлі ў Беларусі, а многія ўжо не ў першы раз.
Напрыклад, прараб Крыстоф Шыль, пачынаючы з 1998 года, кожны свой адпачынак праводзіць у Беларусі. Кажа, што такія паездкі – выдатная магчымасць пагутарыць і паглядзець нашу краіну і суседнюю Расію.
Размясціліся нямецкія валанцёры ў сем'ях гаспадароў у Старым Лепелі. З імі жывуць і беларускія валанцёры – студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якія не толькі працуюць на будоўлі, але і выконваюць функцыі перакладчыкаў.
Па словах Крыстофа, падобная тэхналогія ўзвядзення сцен з сумесі гліны і драўнянай шчэпкі пакуль не атрымала шырокага распаўсюджвання ў Беларусі, а між тым, яна не патрабуе асаблівых ведаў, уменняў і падрыхтоўкі. Да таго ж, гэта танна і экалагічна, а гліна – выдатны рэгулятар вільготнасці. Пры неабходнасці гэты прыродны матэрыял можа ўвабраць лішнюю вільгаць з памяшкання, або наадварот.