«У здаровым целе – здаровы дух», — такі лозунг членаў гуртка, і гэта не проста словы. Пераканаліся, наведаўшы спартыўную залу ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
— У прыярытэце нашых заняткаў, вядома, стратэгія актыўнага даўгалецця, захаванне і ўмацаванне здароўя грамадзян мудрага ўзросту, папулярызацыя здаровага ладу жыцця. Дарэчы, наш гурток наведваюць 12 чалавек, якія перасягнулі 60-гадовы ўзрост, з г. Лепеля. Акрамя гэтага, па серадах ажыццяўляем падвоз жыхароў вёскі Межыца, а гэта яшчэ 5-6 чалавек, — кажа кіраўнік гуртка Святлана Аляксандравіч. — Запісацца да нас проста, гэта можна зрабіць прама ў аддзяленні. Галоўнае, нягледзячы на ўзрост, мець жаданне! Мы заўсёды рады папаўненню ў нашу дружную каманду!
— Наш кіраўнік гуртка — добры спецыяліст, не проста сочыць, каб усе займаліся, а каб рабілі гэта правільна. Кожнаму падбірае індывідуальна практыкаванні. Вельмі ўважліва назірае за кожным, падказвае, — кажуць пра кіраўніка наведвальнікі.
Каб не было вялікага нагрузкі на пазваночнік і на суставы, многія практыкаванні выконваюцца лежачы на гімнастычных кілімках. Фізічныя практыкаванні дапамагаюць у прафілактыцы дэменцыі, іншых хвароб і ў цэлым умацоўваюць арганізм.
Многія адзначаюць, што дома не могуць займацца, а тут усё лёгка атрымліваецца. Падчас заняткаў можна і пагутарыць. Для людзей мудрага ўзросту гэта таксама важна.
— Усе людзі розныя. Да кожнага патрэбен індывідуальны падыход, і ён тут ёсць. У гэтым заслуга нашай Святланы, — з удзячнасцю кажуць гурткоўцы.
Як аказалася, Святлана Станіславаўна на Лепельшчыну прыехала ў 2015 годзе з Харкава, яна мама 4-х дзяцей.
— Мае дзеці 10 гадоў жывуць спакойным мірным жыццём. Гэта самае галоўнае! Калі я была дзіцем, мая сям'я з'ехала жыць ва Украіну, таму, можна сказаць, я вярнулася на сваю малую радзіму. Спачатку жыла ў Лепелі ў доме бабулі, а ў 2019 годзе мы атрымалі кватэру як шматдзетная сям'я. З Лепеля нікуды не збіраюся з'язджаць, таму што тут прыгожая прырода, усё ў крокавай даступнасці, ёсць усе ўмовы для паўнавартаснага выхавання дзяцей і камфортнага жыцця.
Ва Украіне наша суразмоўніца атрымала медыцынскую і педагагічную адукацыю, працавала на станцыі хуткай дапамогі ў рэанімацыйнай брыгадзе, пазней – лагапедам у дзіцячым садку.
У Лепелі наша суразмоўніца спачатку працавала памочнікам урача агульнай практыкі ў амбулаторыі, а са студзеня 2023 года – у ТЦСАН Лепельскага раёна кіраўніком гуртка. Святлана старанна падбірае кожнаму члену гуртка комплекс практыкаванняў у адпаведнасці са станам здароўя.
Заняткі праходзяць з 13.00 да 17.00 як індывідуальна, так і ў групе. Далучайцеся!