Санітарна-эпідэміялагічная служба Мінздароўя падвяла вынікі маштабнай праверкі гандлёвай сеткі «Светлафор». Мерапрыемствы, праведзеныя ў жніўні 2025 года, закранулі аб'екты, якія належаць некалькім рэгіянальным аператарам. Вынік: парушэнні былі выяўленыя на ўсіх без выключэння правераных кропках. Праверка паказала, што праблемы носяць не адзінкавы, а сістэмны характар па ўсёй сетцы.

Супрацоўнікі Лепельскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі таксама ў гэты перыяд праверылі магазін «Светлафор» у Лепелі па вуліцы Дэпоўскай.

Дзяржаўны санітарны нагляд, які праводзіўся, суправаджаўся лабараторнымі даследаваннямі сыравіны і харчовых прадуктаў.

Так, было зафіксавана, што ў памяшканнях магазіна патрабуецца правядзенне рамонту. Падлога ў гандлёвай зале (на ўчастках рэалізацыі харчовых прадуктаў і разгрузачнай рампы) мае няроўнасці, выбоіны, выступаючыя краі, што ўскладняе правядзенне мыцця і дэзінфекцыі. Сцены на ўчастку, дзе вядзецца прыём тавару, маюць дэфекты (асыпанне аздабленчага матэрыялу). З тыльнага боку будынка магазіна ажыццяўлялася неўпарадкаванае захоўванне тары, пакавальнага матэрыялу, паддонаў па-за спецыяльна абсталяванай канструкцыі.

Акрамя гэтага, у жніўні да рэалізацыі былі дапушчаныя харчовыя прадукты, якія не адпавядаюць устаноўленым патрабаванням па ўтрыманні дрожджаў: агароднінная сумесь хутказамарожаная «Гавайская» (вытворца ТАА «Цэх Замарозкі», Расія) і ікра траскі ціхаакіянскай салёная непастэрызаваная (вытворца ТАА «Лунскае мора», РФ).

22 пачкі агародніннай сумесі масай па 1 кілаграму і 75 штук ікры траскі масай па 240 грам былі выключаны з абарачэння.

Дарэчы, гэтая гандлёвая кропка ў бягучым годзе ўжо правяралася. У лютым таксама было выяўлена 2 віды прадукцыі, якая не адпавядае патрабаванням ТНПА па якасці. Гэта чай CELEBRATORY (Святочны) чорны байхавы і торт «Тырамісу».

Санітарна-эпідэміялагічная служба нагадвае, што ўжыванне прадуктаў, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі і якасці, у лепшым выпадку можа прывесці да парушэння абмену рэчываў і засмучэнняў страўнікава-кішачнага тракту.

У мэтах забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва і абароны правоў спажыўцоў санітарна-эпідэміялагічнай службай будзе працягнуты маніторынг дадзенай сеткі. Таксама яны могуць наведаць любы магазін у любы час, і гэта стымул, каб працаваць па правілах.