Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў паставіў задачу па стрымліванні росту цэн, каб яны не перавышалі прымальны для насельніцтва ўзровень, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў паставіў задачу па стрымліванні росту цэн, каб яны не перавышалі прымальны для насельніцтва ўзровень, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Асобны акцэнт на нарадзе кіраўнік дзяржавы зрабіў на задачы па стрымліванні росту цэн. "Мы падыходзім да зімовага перыяду, і, акрамя проціэпідэмічных пытанняў, стаіць задача стрымлівання росту цэн, каб яны не перавышалі прымальны для насельніцтва ўзровень. Асабліва гэта тычыцца кошту прадуктаў харчавання", - удакладніў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што пытанне росту цэн вельмі адчувальнае для насельніцтва. "Пытанне пытанняў. Ёсць каму гэтым займацца. Займайцеся. Каб не было потым нейкіх непрыемных размоў на гэту тэму", - звярнуўся да прысутных Прэзідэнт.
"Апроч прыняцця антыінфляцыйных мер павінен быць наведзены парадак там, дзе пачынаецца эканоміка галіны, якая забяспечвае харчовую бяспеку. Тыя тэндэнцыі, якія я бачу ў агракомплексе, часам насцярожваюць. Хоць дзяржава падставіла плячо па ўсіх напрамках, дзе толькі патрабавалася гэтая падтрымка і дзе яе прасілі" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ўборка ўраджаю ўжо ў цэлым завершана. Застаецца яшчэ нарыхтоўка кукурузы на збожжа, і Прэзідэнт запатрабаваў актывізаваць гэту працу, завяршыўшы яе ў бліжэйшы час, пакуль падыходзіць надвор'е. "Я бачу, што мы атрымліваем добрыя дадатковыя мільёны, тысячы тон збожжа, якіх нам не хапае. І па выніках года мы можам выйсці на вытворчасць усіх відаў збожжа звыш 9 млн т. Вядома, гэта не 10 млн т мінулагодніх, але 9 млн т - гэта цалкам прымальны аб'ём, які забяспечыць цалкам патрэбы нашай дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.